Дарагі Дзядуля Мароз, пішуць табе школьнікі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Кожны ведае, што Дзед Мароз – гэта добры чараўнік, які можа выканаць практычна любое жаданне.

Напярэдадні Новага года многія хлопчыкі і дзяўчынкі спяшаюцца напісаць галоўнаму навагодняму герою свае просьбы-пасланні.

Вось і навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, якія займаюцца ў гуртку “Юныя лінгвісты” пад кіраўніцтвам Святланы Урбан, далучыліся да даўняй навагодняй традыцыі і напісалі свае пісьмы зімняму чараўніку.

Дыяна Крывіцкая:

–  Прывітанне, Дзядуля Мароз! Даўно я не пісала табе, а цяпер выпала такая магчымасць. Напэўна, гэта не выпадкова. Я стала больш дарослай, многаму навучылася. Хочацца сказаць табе вялікі дзякуй за падарункі ў мінулым годзе, за твае клопат і ўвагу на працягу 15 гадоў. Сёлета жаданне ў мяне незвычайнае. Я хачу папрасіць у цябе здароўя ўсім людзям на Зямлі: старым і малым, багатым і бедным, добрым і не вельмі. У наш час з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй гэта важна.

Ведаю, Дзядуля, што выканаць маю просьбу будзе нялёгка, але ты пастарайся, калі ласка! Я веру, дарагі Дзядуля Мароз, што ты здольны начараваць, каб у нашым свеце было менш пакут, каб усе людзі былі шчаслівыя. Вельмі спадзяюся, што ты выканаеш маё жаданне.

Алеся Харошка:

– Дарагі Дзядуля Мароз! Я шчаслівая дзяўчынка, бо ў мяне ёсць мама, тата, брат, бабулі, дзядулі. Але на свеце так шмат няшчасных дзяцей. Дзеці-інваліды, дзеці з сацыяльна ненадзейных сем’яў, дзеці-сіроты – яны такія ж, як і мы. Цудоўна было б, каб ты змог дапамагчы ім. Безумоўна, адказныя службы займаюцца праблемамі дзяцей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Але такім дзеткам асабліва патрэбны любоў, клопат, увага. Мне здаецца, Дзядуля, што галоўным падарункам пад Новы год для хворых хлопчыкаў і дзяўчынак было б здароўе, а для тых, хто застаўся без бацькоў – новая клапатлівая сям’я, няхай і прыёмная. Галоўнае, каб малое там любілі, цанілі, падтрымлівалі. Дзядуля Мароз, калі ты выканаеш гэтыя жаданні, я вельмі парадуюся.

Юлія Ступчык:

– Вітаю цябе, Дзядуля Мароз! І прашу ў цябе здароўя для ўсіх нас, асабліва для бабуляў і дзядуляў, іншых пажылых людзей, якія па волі лёсу засталіся адны, без дзяцей і ўнукаў, без дарагіх сэрцу людзей. Для іх папрашу ўвагі і клопату ад неабыякавых дзятлаўчан. Не варта забываць пра тых, хто аддаў лепшыя гады свайго жыцця рабоце, і пра ветэранаў, якія ваявалі за мір. Я вельмі спадзяюся, Дзядуля Мароз, што ты дапаможаш ажыццявіць маё жаданне.

Мікіта Калашнікаў:

– Кожны чалавек верыць у цуды. А напярэдадні Новага года нам здаецца, што цуд абавязкова адбудзецца. Калі я быў маленькім, я пісаў пісьмы Дзеду Марозу і верыў, што пад ёлку ён мне абавязкова пакладзе падарунак: новую цацку, алоўкі, кнігу. Цяпер я таксама чакаю падарунка, але незвычайнага. Дзядуля Мароз, выканай маё жаданне! Я хачу, каб людзі знялі з твараў маскі, сталі ўсміхацца адзін аднаму, каб пры сустрэчы не баяліся паціскаць адзін аднаму рукі. Я хачу пайсці ў госці да сваёй любімай бабулі, моцна яе абняць, пацалаваць. Калі так адбудзецца, значыць хвароба, якая ўсіх палохае, адступіць, і ў свеце настане спакой. Пачуй мяне, Дзядуля Мароз!

Падрыхтавала ад друку Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup