Беларусь рыхтуецца да шостага Усебеларускага народнага сходу.
Яго плануецца правесці ў пачатку наступнага года. Напярэдадні палітычна значнага ўсерэспубліканскага форуму актыўна падводзяцца вынікі работы галінаў эканомікі краіны за мінулую пяцігодку і распрацоўваецца стратэгія развіцця Рэспублікі Беларусь ў наступныя пяць гадоў.
З просьбай даць ацэнку рабоце будаўнічай галіны Дзятлаўскага раёна і расказаць аб яе перспектывах карэспандэнтка газеты звярнулася да куратара сферы – намесніка старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Юрыя Залеўскага.
– Асноўнымі задачамі развіцця будаўнічага комплексу Дзятлаўскага раёна з’яўляюцца павышэнне якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва, – ставіць акцэнты Юрый Пятровіч. – Прыярытэтны накірунак развіцця жыллёвага будаўніцтва – гэта падтрымка індывідуальнага будаўніцтва і будаўніцтва жылля ў вёсках для работнікаў аграпрамысловага комплексу.
За 2016-2019 гады і 9 месяцаў 2020 года на Дзятлаўшчыне ўведзена ў эксплуатацыю 7621 квадратны метр жылля, 1421 з іх – у сельгасарганізацыях раёна: пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю шматкватэрны жылы дом у КСУП “Жукоўшчына”, аднакватэрны жылы дом у КСУП “Белагурна”, два чатырохкватэрныя жылыя дамы ў ААТ “Граніт-Агра”.
У будаўнічай галіне раёна заняты каля 250 чалавек.
За апошнія гады на Дзятлаўшчыне праведзена значная работа па комплексным добраўпарадкаванні населеных пунктаў. У Дзятлаве выкананы работы па добраўпарадкаванні вуліцы Мічурына, праведзена мадэрнізацыя добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый жылых дамоў № 4а, 8, 9 па вуліцы Навагрудскай, завершаны работы па капітальным рамонце сетак водаправода і каналізацыі па вуліцах Дварчаніна і Фогеля з наступным добраўпарадкаваннем гэтых вуліц; у гарадскім пасёлку Казлоўшчына скончаны работы па мадэрнізацыі завулка Школьнага, капітальным рамонце вуліцы Чырвонаармейскай з устаноўкай агароджаў, добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі шматпавярховых жылых дамоў № 9, 11, 11а, 15а, 15б, 15в па вуліцы Савецкай і № 44а па вуліцы Леніна.
Увага надаецца і капітальнаму рамонту аб’ектаў жыллёвага фонду, сацыяльнай і культурнай сферы, дарог, інжынерна-транспартнай інфраструктуры, паляпшэнню эстэтычных якасцяў населеных пунктаў. Штогод у раёне ажыццяўляецца капітальны рамонт жыллёвага фонду (у сярэднім 4 тысячы квадратных метраў) і праводзіцца бягучы і капітальны рамонт дарог дарожнымі арганізацыямі.
Мінулая пяцігодка была плённай. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю ў 2017 годзе Сабор навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у райцэнтры. Вялікі аб’ём работ выкананы пры капітальным рамонце Казлоўшчынскай сярэдняй школы, у тым ліку навучальнага корпуса № 2. Цяпер ідуць работы па капітальным рамонце актавай і спартыўнай залаў установы. Мадэрнізаваны харчблок Гезгалаўскай сярэдняй школы. Праведзена рэканструкцыя лячэбнага аддзялення філіяла “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”, рэканструкцыя кафэ “Паніква” пад шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны цэнтр, мадэрнізаваны з прыбудовай ліфта лячэбны корпус Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня”. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю два аб’екты гандлю: магазін “Капеечка” па вуліцы Янкі Купалы і магазін “Санта” па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве. Завершаны работы па ўзвядзенні новага будынка лесапільнага цэха “Вензавец” ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Газіфікаваны вёскі Плябанавічы, Галаўлі, Лапушна, Лезнявічы (прыроднага газу пушчаны больш чым у 60 жылых дамоў). У сельскагаспадарчай галіне праведзена рэканструкцыя малочнатаварных фермаў “Белагурна” і “Ёцавічы”.
Цяпер ідуць работы па будаўніцтве корпуса № 4 філіяла “Санаторый “Радон”, а ў райцэнтры – па рэканструкцыі моста па вуліцы Камсамольскай і будаўніцтве пажарнага дэпо 2-га тыпу па вуліцы Слонімскай.
Надаецца ўвага будаўніцтву жылля ў раёне. У Дзятлаве па вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ вядуцца работы па рэканструкцыі нежылога будынка пад шматкватэрны жылы дом дзяржаўнага жыллёвага фонду камерцыйнага выкарыстання (агульная плошча 33-х кватэр складае 1524 квадратныя метры). Дом плануецца здаць у эксплуатацыю сёлета ў канцы снежня.
У планах надалей – прадоўжыць работу ў гэтым кірунку. Ужо выраблена праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва 72-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне шматпавярховай жылой забудовы па вуліцы Навагрудскай райцэнтра. Пачаць будаўніцтва плануем вясной 2021 года. Таксама выраблена праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі нежылога будынка ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына па вуліцы Леніна, 35 пад шматкватэрны жылы дом дзяржаўнага жыллёвага фонду камерцыйнага выкарыстання. Пачаць работы плануем у канцы 2021 года з уводам яго ў эксплуатацыю ў 2022 годзе.
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup