Дабра хочаш – дабро і рабі!

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Неяк прыбіраючы ў хаце, натыкнулася на дзіцячыя кнігі, у асноўным казкі.

І так захацелася іх пачытаць ці перагледзець як кінафільм. Задумалася, чаго ж раптам паўстала такое дзіцячае жаданне і з чым яно звязана. Разважаючы, прыйшла да высновы, што сама па сабе пара дзяцінства – лепшая бесклапотная пара ў жыцці чалавека, і часам так хочацца туды вярнуцца.

Мне здаецца, што тады і сонца ярчэй свяціла, і неба было больш блакітнае, і жыццё было напоўнена нейкім асаблівым водарам чагосьці нязведанага, што чакала цябе наперадзе. І гэта адчуванне прыемных чаканняў як быццам адкрывала перад табою ўвесь свет: глядзі, выбірай, ідзі, рабі, жыві!

Напэўна, таму, што побач з табой заўсёды былі людзі, у якіх ты вучыўся, як трэба, як правільна, людзі, якія рабілі цябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі!

Я памятаю гарачыя бабуліны грэнкі з кубкам малака; марожанае ў трохлітровым слоіку, якое ўжо растала, пакуль даехала з горада, бо ў вёсцы не прадавалі; першыя свае духі, якія мне падарыў дзядуля на дзень нараджэння, і мне здавалася, што менавіта ў той момант я стала дарослай. Я памятаю танцавальны гурток, як мне падабалася танцаваць; урокі ў музычнай школе, было няпроста, але яны дапамаглі зрабіць прафесійны выбар і многае-многае іншае.

У кожнага чалавека дзіцячыя ўспаміны свае, але аб’ядноўвае іх адно: цяпло, любоў, клопат, увага – іншымі словамі, дабрыня.

І чым больш дарослым становіцца чалавек, тым больш ад яго сыходзіць пачуццё бесклапотнасці, таму што ён ужо сам павінен браць на сябе адказнасць за іншых людзей, рабіць дабро і рабіць шчаслівымі сваіх родных і блізкіх, сяброў і знаёмых.

Але калі ў дзяцінстве здавалася ўсё проста: дабро – гэта дабро, зло – гэта зло, дрэнна забіваць, красці, падманваць, то ў дарослых з часам мяжа паміж дабром і злом становіцца больш размытай, і ўжо незразумела, а добра гэта ці дрэнна? Напрыклад, не сказаць праўду, змаўчаць, схітраваць для дасягнення пастаўленай мэты, зрабіць нешта добрае для іншага чалавека, думаючы перш за ўсё пра сябе?

Але ж сапраўдная дабрыня падразумявае імкненне дапамагчы, не чакаючы і не патрабуючы ў адказ падзякі.

І тыя, хто творыць дабро, разумеюць, што, зрабіўшы нешта бескарыслівае і добрае, у чалавека падымаецца настрой, ён сам узвышаецца ў сваіх уласных вачах. Праз некаторы час яму зноў захочацца адчуць гэта, і ён зноў будзе шукаць таго, каму патрэбна яго дабрыня.

“Дабра хочаш – дабро і рабі” – так у казках. Чалавеку, які бескарысліва дапамагае іншым, шкадуе больш слабых, дабро заўсёды вяртаецца дабром.

Адкрыем крыніцы дабрыні ў сваёй душы, навучымся бачыць тых, каму дапамога і дабрыня неабходныя.

Будзем глядзець неабыякавым поглядам, аддаваць і забываць, вучыцца разумець сябе і іншых, не пляткарыць, а спачуваць і аказваць рэальную падтрымку.

І хоць мы не анёлы, не героі з казак і не чараўнікі з чароўнай палачкай, рабіць дабро зможам, таму што гэта падуладна любому чалавеку!

Наталля КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup