Акцыя “Нашы дзеці”. Навагоднія сюрпрызы заказвалі?

Важнае Культура і адпачынак

Шчодрым сёлета быў прафсаюзны Дзед Мароз у Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”.

Як расказала старшыня прафкама прадпрыемства Ірына Іваноўская, у рамках акцыі “Нашы дзеці” навагоднія падарункі напярэдадні святаў атрымалі 135 дзяцей дзятлаўскіх сыраробаў, не засталіся без увагі і самі работнікі завода: для іх было выдзелена 227 падарункаў. Таксама прафсаюзная пярвічка аплаціла для дзетак работнікаў навагодні ранішнік у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Магчымасцю павесяліцца пад ёлачкай вечарам 28 снежня скарысталіся больш за 20 хлопчыкаў і дзяўчынак, з самымі маленькімі прыйшлі іх бацькі. Дзяцей і дарослых чакалі танцы і конкурсы з казачнымі героямі і роставымі лялькамі, цікавыя фокусы, выступленне гімнастаў, традыцыйныя навагоднія карагоды. З задавальненнем дзеці расказвалі вершы і спявалі песні Дзядулі Марозу і Снягурачцы, атрымліваючы за гэта цукеркі і прызы. А на развітанне маленькія ўдзельнікі свята паспяшаліся сфатаграфавацца з навагоднімі героямі, каб засталася памяць аб цудоўнай сустрэчы.

Ірына СТЫРНІК



Теги: