Наталля Клімец: “Развівацца зможа толькі тая дзяржава, народ якой адзіны”

Важнае Грамадства

Намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 горада Дзятлава, дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Наталля Клімец сустрэлася з калегамі па працы, каб падзяліцца ідэямі рэспубліканскага форуму і ўражаннямі ад яго.

Наталля Паўлаўна агучыла тыя тэзісы VI Усебеларускага народнага сходу, якія закранулі асабіста яе. Найперш, гэта ўмацаванне інстытута сям’і, і адна з прапановаў у гэтым напрамку – залічэнне ўсяго пенсійнага стажу адразу матулям, якія нарадзілі чацвярых дзяцей.

Акрамя таго, прадоўжыцца рэалізацыя інвестпраграмы па развіцці рэгіёнаў. У мінулым годзе яе можна было назіраць у дзеянні на прыкладзе пасёлка Казлоўшчына.

Увага прамоўцы была засяроджана на агучаных у час сустрэчы ў Мінску ідэях развіцця эканомікі як аднаго з краевугольных камянёў дабрабыту краіны. Павышэнне якасці прадукцыі – праз мадэрнізацыю вытворчасці.

– Я заўсёды кажу школьнікам на ўроках, што прадпрыемствы могуць працаваць больш або менш эфектыўна. Але іх мадэрнізацыя – гэта заўжды мэтазгодны вялікі крок наперад.

Намесніца дырэктара нагадала прапісную педагагічную ісціну: на ўроках настаўнік не толькі навучае, але і выхоўвае. У час сустрэчы ў Мінску Прэзідэнт Беларусі акцэнтаваў асаблівую ўвагу на выхаванні патрыятычных і грамадзянскіх пачуццяў у школьнікаў.

Самым актуальным для дэлегата VI Усебеларускага народнага сходу было абмеркаванне перспектыў адукацыі. Тут прапануецца зрабіць акцэнт на паглыбленне індывідуальнай профільнай работы з навучэнцамі.

– Усе мы разумеем, што 17 школьных прадметаў выпускніку вывучыць на добрым узроўні складана, – заўважыла Наталля Клімец. – Задачай педагогаў стане выкладанне профільных прадметаў на ўзроўні, дастатковым для ўпэўненага паступлення ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы па абраных спецыяльнасцях. На навучанне прафесіям, стратэгічна важным для дзяржавы, будзе павялічана колькасць мэтавых бюджэтных месцаў.

Вялікая ўвага ў сферы адукацыі па-ранейшаму будзе надавацца інавацыйнай дзейнасці, падрыхтоўцы ў сценах школы даследчыкаў, наватараў, чые ідэі і праекты паслужаць на карысць Айчыне.

На завяршэнні сустрэчы Наталля Клімец нагадала прысутным, што ў Беларусі 2021 год анансаваны як Год народнага адзінства.

– Увесь мінскі форум прайшоў пад дэвізам “Адзінства. Развіццё. Незалежнасць”. Гэта самыя трапныя і правільныя ў наш час словы, бо ўпэўнена развівацца зможа толькі тая дзяржава, народ якой адзіны і незалежны.

У час тэматычнай інфармацыйнай гадзіны намесніца дырэктара абмеркавала вынікі Усебеларускага народнага сходу з гімназістамі.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: