Напярэдадні навагодніх і калядных святаў сваё прафесійнае свята адзначаюць энергетыкі Дзятлаўшчыны, якія сёлета святкуюць і юбілей Ваўкавыскіх электрычных сетак, у склад якіх яны ўваходзяць.
У святы і будні электрычныя сеткі раёна пад кантролем аварыйна-дыспетчарскай групы, сёння яе ўзначальвае Андрэй Сапега. Ён расказаў карэспандэнтцы газеты “Перамога” пра сябе, службу і яе работнікаў, якія заўжды трымаюць руку на пульсе энергасістэмы.
– Андрэй Аляксандравіч, узгадайце, як вы прыйшлі працаваць у аварыйна-дыспетчарскую групу Дзятлаўскага РЭС.
– У 1996 годзе я ўладкаваўся ў Дзятлаўскі раён электрычных сетак электраманцёрам рамонтна-эксплуатацыйнай брыгады, праз год стаў майстрам у новай брыгадзе па абслугоўванні трансфарматарных падстанцый, дзе працаваў на працягу адзінаццаці гадоў. У 2008 годзе прыйшоў дыспетчарам у аварыйна-дыспетчарскую групу. Узначальваў яе ў той час Анатоль Дарафейчык, які сёлета выйшаў на заслужаны адпачынак. Праз год мы памяняліся месцамі: ён стаў дыспетчарам, а я ўзначаліў службу, з’яўляюся яе кіраўніком да гэтага часу.
– Ці моцна змяніліся электрычныя сеткі за пяцігоддзе?
– У апошнія гады шмат увагі надавалася аўтаматызацыі сетак 10 кВ. Былі ўсталяваны рэклоўзеры (выключальнікі, якімі можна кіраваць на адлегласці), сродкі аховы электрычных сетак. Гэта станоўча паўплывала на надзейнасць электрычных сетак. Сёння дыспетчар можа з дыспетчарскага пункта праводзіць пераключэнні па ўсім раёне. Калі раней наступствы стыхійных прыродных з’яваў у электрычных сетках раёна мы маглі ліквідаваць да тыдня, сёння на гэта патрэбны максімум суткі.
– Ці вырас аб’ём электрычных сетак раёна?
– Працягласць электрычных сетак застаецца прыблізна на аднолькавым узроўні, мяняецца іх структура. Паступова сыходзяць у гісторыю паветраныя лініі з непакрытым провадам, на змену ім прыходзяць пакрытыя паветраныя лініі электраперадачы і кабельныя лініі. Гэта таксама ўплывае на надзейнасць электразабеспячэння.
– Дыспетчар – першы, каму тэлефануюць дзятлаўчане, калі няма святла. Якія функцыі ажыццяўляе у час працы ён і аператыўна-дыспетчарская група?
– Супакойваць усхваляваных адсутнасцю электрычнасці абанентаў і валодаць сітуацыяй па падачы электрычнай энергіі ў раёне – далёка не ўсё, што выконвае дзяжурны дыспетчар і яго каманда. У іх функцыях прапісаны больш за 30 пунктаў службовых абавязкаў, сярод якіх кіраванне работай электрычных сетак раёна, забеспячэнне надзейным і бесперабойным электразабеспячэннем спажыўцоў электрычнай энергіяй, кругласутачны кантроль за работай электрычных сетак у вызначаным рэжыме, аператыўнае абслугоўванне сетак, кіраванне ліквідацыяй аварый у фармаце “анлайн” і многае іншае.
– Сёння вялікая ўвага надаецца ўмовам працы. Ці змяніліся да лепшага?
– Безумоўна. Для павышэння зручнасці і эфектыўнасці працы службы быў заменены на больш сучасны дыспетчарскі шчыт з рухомай схемай электрычных сетак раёна. Цяпер ён кантралюецца і кіруецца пераважна з камп’ютара. Дадалі ў кабінет дзве відэапанэлі, на якіх у рэжыме рэальнага часу адлюстроўваецца, дзе і над чым працуюць аператыўныя і лінейныя брыгады. Электроннай стала сістэма работы з дакументацыяй, аднак па-ранейшаму электронныя дакументы дубліруюцца на папяровых носьбітах. І, нарэшце, робіцца шмат для асабістага камфорту персаналу на працы. У мінулым годзе з’явілася спліт-сістэма, якая дазваляе падтрымліваць аптымальную тэмпературу паветра ў аператыўным пункце у любы сезон.
– Чаму ў аварыйна-дыспетчарскай групе не працуюць жанчыны?
– Строгіх табу на гэты конт няма. У Ваўкавыскіх электрычных сетках ёсць жанчыны-дыспетчары, на Дзятлаўшчыне пакуль няма. Праца дыспетчара вельмі сур’ёзная і адказная, таму сюды прыходзяць людзі, якія маюць вышэйшую энергетычную адукацыю, грунтоўны вопыт работы ў электрычных сетках Дзятлаўскага раёна. Практычна кожны з іх пачынаў з цяжкай, зусім не жаночай працы электраманцёра. У склад аператыўна-дыспетчарскай групы ўваходзяць пяць дыспетчараў і дзесяць электраманцёраў аператыўнай брыгады. Акрамя іх, пяць электраманцёраў і інжынер дзяжураць на гідраэлектрастанцыях. У перспектыве – з’яўленне ў аварыйна-дыспетчарскай службе новай пасады інжынера, які будзе займацца эканамічным аспектам нашай працы. На такой пасадзе, магчыма, мы пабачым прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якіх, дарэчы, нямала працуе і ў нашым філіяле.
– Ці часта вам, начальніку групы, даводзіцца займаць крэсла дыспетчара?
– Ніколі не забываю аб гэтай працы, нагода браць дзяжурствы ёсць. Цяпер рыхтуем да працы дыспетчарам нашага калегу Сяргея Леашкевіча, пакуль ён праходзіць двухмесячную стажыроўку, я працую ў камандзе як дыспетчар, дапамагаю ў час працоўных водпускаў. Таксама эпідэміялагічная сітуацыя дадала клопату не толькі нашаму філіялу. Пры неабходнасці я заўсёды гатовы заступіць на дзяжурства ў якасці дыспетчара.
– Хутка Новы год, а гэта заўжды шмат ілюмінацыі. Ці справіцца энергасістэма раёна?
– Электрычныя сеткі раёна будаваліся на перспектыву, з запасам. У штатным рэжыме вялікія падстанцыі загружаны не поўнасцю. Ілюмінацыя, колькі б яе ні было, не дадае клопату. Больш сур’ёзным пытаннем цяпер з’яўляецца выкарыстанне электрычнага ацяплення ў жылых дамах. Гэта вельмі зручна, асабліва ў той мясцовасці, дзе не падведзены газавыя сеткі. З увядзеннем у строй Астравецкай АЭС гэтым сталі актыўней карыстацца, што дазваляюць лаяльныя тарыфы на электраэнергію. Аднак такія нагрузкі мы можам прадбачыць і рэгуляваць.
– Каму “пашанцавала” працаваць у навагоднюю ноч?
– Новы 2021 год на дзяжурстве сустрэнуць дыспетчар Яўген Дорань, электраманцёры Юрый Хілімончык і Міхаіл Шмаўст. Мяркую, гэта не сапсуе ім святочны настрой, паколькі ўжо першы дзень новага года яны сустрэнуць з сем’ямі. Графік дзяжурстваў складаецца і ўзгадняецца загадзя на месяц. Аднак усе мы людзі, працуем у дружным, зладжаным калектыве, дзе пануе ўзаемаразуменне. Таму няма праблемы дзяжурным дамовіцца паміж сабой аб замене зменамі, на падставе гэтага афармляецца распараджэнне па арганізацыі.
– Андрэй Аляксандравіч, у юбілейную дату для Ваўкавыскіх электрычных сетак, напярэдадні прафесійнага свята энергетыкаў што пажадаеце калегам па працы?
– Ад усяго сэрца віншую ўвесь калектыў Дзятлаўскага раёна электрычных сетак з надыходзячым Днём энергетыка. Жадаю здароўя, доўгіх гадоў жыцця, шчасця і дабрабыту. Няхай нашых шаноўных ветэранаў энергетыкі ніколі не забываюць іх родныя і блізкія людзі, мы штогод іх віншуем са святамі, запрашаем у госці. Спадзяёмся, што пандэмія хутка закончыцца, і мы зноў сустрэнемся ў сценах арганізацыі ў звыклым фармаце.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup