Актывізацыя пазакласнай дзейнасці па працоўным навучанні выклікае ў навучэнцаў не толькі цікавасць да прадмета, але і жаданне займацца ім дадаткова.
Адной з форм пазакласнай работы па прадмеце з’яўляецца тыдзень працоўнага навучання, які прайшоў у Казлоўшчынскай сярэдняй школе.
Тыдзень прайшоў пад дэвізам “Праца – справа гонару, будзь у працы на першым месцы”. У гэты перыяд прайшлі адкрытыя ўрокі, майстар-класы, дзе вучні паказалі свае веды па прадмеце, а настаўнікі працоўнага навучання прадэманстравалі сваё майстэрства і талент. Усе мерапрыемствы былі падзелены на катэгорыі: агульныя, у якіх удзел прымалі ўсе жадаючыя, класныя, пазнавальныя і забаўляльныя, якія праводзіліся на перапынках. Змест усіх мерапрыемстваў адпавядаў праграмнаму матэрыялу. Пры іх падрыхтоўцы ўлічваліся ўзроставыя асаблівасці дзяцей. Урокі працоўнага навучання праводзіліся ў музеі “Скарбонка продкаў нашых”, у час якіх дзяўчынкі знаёміліся з сялянскім бытам.
Навучэнцы 9-11 класаў прынялі ўдзел у першым этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.
Выставу пад назвай “Кожны вучань і бацька па-свойму здольныя” падрыхтавалі вучні 5-11 класаў і іх бацькі. Уся выстава была эстэтычна ўпрыгожана і прадстаўлена па двух напрамках: “Нам засталася спадчына” і “Дары восені ў беларускім кошыку”.
На працягу ўсяго тыдня праходзілі класныя мерапрыемствы-конкурсы: “Знаўцы працоўнага навучання”, “Лепшая швачка” і “Лепшы сталяр”, конкурс на лепшы рэцэпт прыгатавання беларускай стравы, выпуск калажоў і газет “Беларуская культура”. Вучні 9 і 11 класаў паказалі майстар-клас па завязванні мужчынскіх гальштукаў і жаночых шалікаў.
Цімураўскія і валанцёрскія атрады школы правялі акцыю “Добразычлівае сэрца”. Яны аказалі дапамогу ветэранам вайны, адзінокім і пажылым людзям.
Адным з агульных мерапрыемстваў, якія праходзілі ў шосты школьны дзень, былі акцыі “Школа – тэрыторыя чысціні” і “Чысты лес”.
Правядзенне прадметнага тыдня суправаджалася разнастайнай нагляднай інфармацыяй. Пастаўленыя задачы ў ходзе правядзення тыдня працоўнага навучання былі рэалізаваны цалкам.
Рамуальда ДОБЫШ,
настаўніца абслугоўваючай працы Казлоўшчынскай сярэдняй школы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup