У рамках акцыі “Свет дабра”, прымеркаванай да міжнароднага Дня інвалідаў, на Гродзеншчыне аб’яўлены абласны конкурс дзіцячых работ.
Арганізатары конкурсу паабяцалі, што лепшыя малюнкі і фотаздымкі асаблівых дзяцей Прынёманскага краю будуць размешчаны ў выставачнай зале гандлёвага цэнтра “ОлдСіці” горада Гродна.
На Дзятлаўшчыне раённы этап конкурсу доўжыўся да 16 лістапада. Асаблівыя навучэнцы ўстановаў адукацыі раёна дасылалі свае работы ў Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дзеці актыўна далучыліся да конкурсу, і ў цэнтры сабралася багатая калекцыя арыгінальных малюнкаў і фотаздымкаў. Усе яны “паедуць” у Гродна.
Якім бачаць “Свет дабра” юныя дзятлаўчане з абмежаванымі магчымасцямі, можна даведацца, азнаёміўшыся на сайце ЦКРНіР з фотапрэзентацыяй, падрыхтаванай педагогамі. Варта адзначыць, што дзіцячыя работы атрымаліся яркімі, аптымістычнымі, жыццесцвярджальнымі. Яны яшчэ раз нагадваюць усім нам, як важна берагчы галоўныя чалавечыя каштоўнасці – мір і дабро, без якіх наша жыццё не можа быць шчаслівым.
Як адзначыла дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Марына Гуговіч, дзіцячыя конкурсныя работы прыходзілі ў цэнтр вельмі хутка. Педагогі напачатку і не думалі, што іх будзе так шмат. Дзеці стараліся – і работы атрымаліся рознапланавымі, прыгожымі і цікавымі. Для навучэнцаў з абмежаванымі магчымасцямі падобныя конкурсы маюць вялікае значэнне. Няхай нашы выхаванцы не мастакі, але іх малюнкі напоўнены фарбамі і дораць пазітыў гледачам. Мастацкая творчасць – гэта той накірунак дзейнасці, у якім такія дзеткі без праблем могуць праяўляць свае здольнасці, і яны заўжды будуць ацэнены, парадуюць бацькоў, прадэманструюць грамадству свае магчымасці.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup