З 2 па 8 лістапада 2020 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 61 паведамленне, 4 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 18 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 39 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 29 правапарушальнікаў, узбуджана дзевяць крымінальных спраў.
Сабралі ўраджай у чужым садзе
2 лістапада раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжу. Невядомыя злодзеі пагаспадарылі на прысядзібным участку, які належыць пенсіянерцы з Дзятлава, у вёсцы Колкі. З верасня па кастрычнік зламыснікі незаконна сабралі тут 800 кілаграмаў яблыкаў.
“Пагаспадарылі” на дачным участку
Са жніўня па кастрычнік на свой дачны ўчастак у вёсцы Нарбутавічы не наведвалася жыхарка горада Навагрудка. У час адсутнасці гаспадыні тут пабылі злодзеі. Іх здабычай сталі тры колавыя дыскі для “МТЗ-80” і газавая пліта. Агульны кошт скрадзенай маёмасці – 79 рублёў 95 капеек. Узбуджана крымінальная справа.
Прапала маёмасць з дачы
4 лістапада ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу з 2007 па 2009 гады (дакладны час невядомы) з незамкнёнага дачнага дома вёскі Харабровічы пенсіянеркі, жыхаркі горада Слоніма, двух сталоў, трох шафаў, дзвюх лавак, пячной кафлі, дзвярэй і лючкоў печкі, драбінаў, падстаўкі для посуду, паліцаў, трох дзвярэй на агульную суму каля 500 рублёў.
Скралі кнігі і прадукты
З 25 кастрычніка па 6 лістапада невядомы злодзей пашкодзіў замок уваходных дзвярэй дачнага дома ў вёсцы Норцавічы і скраў прадукты харчавання і чатыры кнігі. Гаспадару дачы, жыхару горада Ліды, нанесены ўрон у памеры 42 рублёў.
Крадзеж у гаражах па Савецкай
У ноч на 8 лістапада невядомыя злодзеі пагаспадарылі ў гаражах па вуліцы Савецкай у Дзятлаве. Яны сарвалі навясныя замкі на дзвярах, у выніку некалькі гаспадароў гаражэй засталіся без электраінструментаў і іншай маёмасці. Былі скрадзены: электрадрыль коштам 100 рублёў; вуглашліфмашынка і набор ключоў коштам 200 рублёў; дзве электрадрылі і набор ключоў коштам 520 рублёў; вуглашліфмашынка і чатыры святлодыёдныя пражэктары коштам 200 рублёў; вуглашліфмашынка, тры наборы ключоў, святлодыёдная лямпа, 80 літраў дызельнага паліва, гідраўлічны дамкрат, спіртныя напоі коштам 758 рублёў.
Праваахоўнікі просяць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра абставіны крадзяжоў з нежылых дамоў ці гаражоў па вуліцы Савецкай або асобаў, якія імкнуцца збыць скрадзеную маёмасць, тэлефанаваць на нумар 102 ці паведаміць участковаму інспектару міліцыі.
Гульня пакінула без грошай
Новае злачынства ў сферы высокіх тэхналогій было ўчынена 5 лістапада ў адносінах нашай зямлячкі, работніцы адной з гаспадарак раёна. У інтэрнэце жанчыну запрасілі прыняць удзел у гульні. Яна адгукнулася на прапанову махляра і засталася без 470 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Міліцыя просіць жыхароў раёна быць асабліва ўважлівымі, бо сёлетняй восенню пачасціліся злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій. Праваахоўнікі раяць не паддавацца на прапановы невядомых асобаў і тэлефонным званком правяраць просьбы сяброў па сацыяльных сетках.
Завалодала чужым тэлефонам
Крымінальная справа ўзбуджана на работніцу адной з гаспадарак раёна, 1994 года нараджэння. Падманным шляхам жанчына завалодала мабільным тэлефонам земляка Xiaomi Redmi коштам 872 рублі 88 капеек. Зламысніца раней ужо прыцягвалася да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. Цяпер яе таксама чакае суд.
Дарожнае здарэнне каля Гезгалаў
5 лістапада на другім кіламетры аўтадарогі Гезгалы-Вусце, недалёка ад аграгарадка Гезгалы, адбылася аварыя. Вадзіцель аўтамабіля “Фольксваген Пасат” сутыкнуўся з мотаблокам “Фермер”, які рухаўся ў спадарожным напрамку. У выніку сутыкнення вадзіцель мотаблока і яго пасажырка атрымалі цялесныя пашкоджанні і былі шпіталізаваны.
Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup