Калонка рэдактара. Забыць нельга

Важнае Грамадства

Адыходзяць тыя, хто дарагі і любімы, раптоўна, беззваротна, безнадзейна… Як цяжка сэрцам перажыць людскім і ўсвядоміць… (амаль што немагчыма…)

Час так імкліва ляціць наперад. Не паспелі азірнуцца, як прайшло лета, наступіла восень, і прыйшла Дзмітрыеўская субота, названая ў народзе Дзяды. У гэты дзень асабліва памінаюць памерлых блізкіх людзей і сваякоў. Але памятаем мы заўсёды.

Тое, што чалавека памятаюць пры жыцці, зразумела: гэта любоў, і мы ўсе адзіныя. Тое, што яго не забываюць пасля смерці, гэта таксама любоў. Мы не ведаем, што адбываецца з чалавекам, калі ён пакідае нашу зямлю, але важна, што адбываецца з намі. Калі мы памятаем і жывых, і мёртвых, то значыць жывём правільна.

Рускі філосаф Мікалай Фёдараў казаў, што кожны чалавек павінен успомніць свайго бацьку і аднавіць яго, ва ўсякім выпадку, у сваёй памяці, і мы спяваем: “Вечная памяць…” Гэта значыць, што ўсе, каго мы памятаем, хто нам дарагі – жывыя!

Усведамленне гэтай ісціны, што нашы блізкія жывыя, дае сілы нам працягваць жыць далей, як бы цяжка ні было.

У сваёй памяці мы захоўваем успаміны пра сваіх блізкіх, забываем пра ўсё дрэннае, папракаем сябе за дапушчаную чэрствасць, абыякавасць, пастаянную занятасць і няўвагу… І здавалася б, вось калі б усё вярнуць, але… вярнуць нічога нельга, застаецца толькі памятаць і маліцца.

Гэта цяжка. Часам здаецца, што боль трохі аціхла, і ў памяці ўсплываюць шчаслівыя хвіліны радасных сямейных падзей і спраў, цёплых зімовых вечароў за кубкам чаю і праглядам любімых фільмаў. Банальна? Так, але так па-хатняму ўтульна, камфортна, спакойна і добра. Гэта і ёсць шчасце! А бывае, туга і сум з новай сілай захліснуць так, што няма сіл ні на што. І ўсе думкі толькі пра тое, што ўсё ўжо ў мінулым, няма сапраўднага, няма будучыні.

Але так нельга! Пытанне ў тым, колькі дадзена часу чалавеку ўсвядоміць, што жыццё працягваецца, ёсць сучаснасць, ёсць і будучыня. А яшчэ дакладна ведаць, што нашы блізкія побач, проста мы не бачым іх і не чуем, але я пераканана ў тым, што духоўная сувязь існуе. Гэта ўсяляе веру, надзею і… любоў, бо любоў працягвае жыць, яна ў самым сэрцы, у хрустальным куфары, як самая вялікая каштоўнасць. І вось ужо на твары з’яўляецца ўсмешка ад светлых успамінаў, яны, усплываючы адно за адным, выклікаюць розныя станоўчыя эмоцыі, і ты разумееш: яны побач, яны тут, нашы родныя, любімыя!

Жыццё такое кароткае, каб марнаваць яго на глупствы! Тут, на зямлі, мы ўсе часова, і гэты час варта выкарыстаць для таго, каб падарыць радасць бліжняму, зрабіць свет чысцейшым і святлейшым, памятаць пра тых, каго ўжо няма з намі… Не варагаваць, не помсціць, не зайздросціць, не крыўдзіцца… І трэба памятаць пра гэта. Пра гэта наогул нельга забываць. Таму што не паспеем азірнуцца, як надыдзе гадзіна даць справаздачу ўжо за свае справы…

Наталля КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup