Калонка рэдактара. Напішыце ліст

Грамадства Свежыя навіны

На пошце — зачынена. Няма лістоў. З раніцы – сумна. Кнігі не задавальняюць, маляванне — таксама. Хочацца падзей, прыезда сяброў, пераменаў у жыцці. (Максіміліян Валошын)

У нашай сучаснай рэчаіснасці ўсё не так! Пошта не зачынена, жыццё б’е сваім ключом, шырыцца спектр паштовых паслуг. Вось толькі лістоў мы пішам усё менш і менш. Эпісталярны жанр цяпер не ў модзе, маем стасункі адзін з адным з дапамогай інтэрнэту. Часам паведамленне да адрасата даходзіць хутчэй, чым думка.

А раней усё было па-іншаму. Лісты, напісаныя рукой, чакалі з нецярпеннем. І пакуль яны даходзілі да месца прызначэння, многае паспявала змяніцца.

Хто пісаў лісты і атрымліваў іх, зразумее мяне і, думаю, пагодзіцца з тым, што атрыманне ліста было падзеяй, а калі ліст прыносіў добрыя весткі, то і маленькім святам.

У кожнага ліста была свая гісторыя, якая як люстэрка адлюстроўвала лёс сем’яў, асобных людзей.

Ваенныя трохкутнікі… Іх пісалі бацькі, сыны, дочкі страшнай і няўхільнай рукой вайны. Лісты, ад якіх мурашкі па скуры, ком у горле і слёзы на вачах. Лісты, якія распавядаюць гісторыю цэлага народа, лісты, якія сталі самі гісторыяй. Франтавыя лісты да гэтага часу ў многіх сем’ях беражліва захоўваюцца і перадаюцца як рэліквія будучым пакаленням, каб мы ніколі не забывалі. Кожны такі ліст прасякнуты смуткам і любоўю, надзеяй на будучыню і апаведамі пра жыццё ў тыле і на перадавой.

У лістах пісалі пра ўсё: пра жыццё, справы, працу, сям’ю, хто нарадзіўся, хто ажаніўся, асаблівай рамантыкай была прасякнута перапіска юнакоў і дзяўчат.

Са з’яўленнем камп’ютараў і мабільных тэлефонаў чалавек стаў запісваць думкі і ствараць пасланні пры дапамозе клавіш і кнопак. Хутка і коратка. Гэта зразумела. Мы прапускаем праз сябе за дзень вялізныя патокі інфармацыі, яе становіцца занадта шмат – і мы перастаём чуць тых, хто з намі побач, часам не чуем і сябе.

Лісты сыходзяць з нашага жыцця. Лісты, у радках якіх жывуць нашы думкі, нашы пачуцці. Яны не церпяць мітусні, яны прывыклі цаніць словы і яны, у адрозненне ад нас, умеюць цярпліва чакаць.

Вельмі хочацца іх спыніць, яны патрэбныя, і заўсёды будуць патрэбныя нам як магчымасць пачуць сябе і суразмоўцу. Ліст заўсёды дае час для адказу, для таго, каб абдумаць і ўзважыць, каб здзейсніць дакладнае дзеянне словам.

Так што адкладзіце ўбок свае тэхнічныя прылады і напішыце ліст сябрам, сваякам, блізкім!

Наталля КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup