Геаграфія пачыналася на Дзятлаўшчыне

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Кацярына Рыгораўна Кірэенка – наша зямлячка, вучоны, вядомы беларускі географ і эканаміст.

Родам яна з гарадскога пасёлка Казлоўшчына. Тут у 1957 годзе скончыла школу. Якім было дзяцінства дзяўчынкі? Ды, відаць, такім жа, як і ва ўсіх дзяцей канца 40-х – пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Не заўсёды сытым, не заўсёды радасным, у пастаяннай працы, бо даводзілася дапамагаць бацькам і вучыцца адначасова. А падрасла, хацелася выглядаць прыгожа, модна, а купіць не заўсёды была магчымасць. Але ўсё гэта кампенсавалася жаданнем вучыцца, прагай да ведаў, цікавым школьным жыццём.

Мерапрыемствы, піянерскія зборы, канцэрты, спектаклі – усё вабіла і захапляла. Ды і вучылася выдатна, старалася. Аднак не адразу пачаўся шлях Каці Кірэенка ў навуку. Спачатку паступіла ў школу ФЗВ у Оршы пры мясцовым ільнокамбінаце, затым некаторы час працавала прадзільшчыцай. Ды цягнула вучоба, хацелася новых гарызонтаў. Была яна дзяўчынай дапытлівай, шукала сябе. З дзяцінства падабалася геаграфія, незвычайныя, экзатычныя краіны, жыццё людзей на іншых кантынентах. Тэлевізары толькі пачыналі з’яўляцца, радыё не перадасць прыгажосці мораў і акіянаў. А вось кніга! Чытала начамі і ўяўляла снежныя вяршыні Гімалаяў, пустыні Афрыкі, насельнікаў вільготных джунгляў. Так і вырашыла паступаць на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыла ў 1964 годзе.

Спачатку настаўнічала ў Капыльскім раёне на Міншчыне. Праца падабалася: любіла свой прадмет, хацела данесці дзецям новыя веды, з захапленнем расказвала не параграф з падручніка, а казку пра незвычайныя падарожжы ў далёкую Аўстралію, на Паўночны полюс, у лясы Амазонкі. Але асабліва падабалася маладой настаўніцы адкрываць вучням родную Беларусь, наладжваць экскурсіі на бліжэйшую рэчку ці возера, а калі пашчасціць, то і выехаць далей, у іншы горад, схадзіць у музей.

Адпрацаваўшы ў школе, прыняла запрашэнне на пасаду навуковага супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага музея, занялася эканамічнай навукай, з 1970 па 1987 гады

працавала малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі. З 1987 года – дацэнт кафедры эканамічнай геаграфіі Беларускага педагагічнага ўніверсітэта.

Педагогіка стала для Кацярыны Рыгораўны сэнсам жыцця, той зоркай, якая вяла, дапамагала трымацца ў любой жыццёвай сітуацыі. Любіла студэнтаў, радавалася, калі добра ведалі прадмет, цікавіліся навукай, хацелі паступаць у аспірантуру, з задавальненнем і шчырым сэрцам дапамагала кожнаму, хто звяртаўся. Выхавала шмат прадаўжальнікаў – і настаўнікаў, і навукоўцаў.

І, канешне, сама займалася навукай. Пачала друкавацца ў 1977 годзе, спачатку ў Беларусі, потым у Расіі, Літве, Латвіі, Эстоніі. Глыбока і грунтоўна даследавала праблемы эфектыўнасці развіцця і размяшчэння вытворчых сіл, рацыянальнага прыродакарыстання. Выдала манаграфію “Водныя рэсурсы – фактар размяшчэння прамысловасці”. Стала суаўтарам многіх даследаванняў на рускай мове, у тым ліку “Сацыяльная інфраструктура – вынік і фактар эфектыўнасці вытворчасці”, “Сацыяльная інфраструктура і сацыялістычны лад жыцця”, “Рэгіянальныя праблемы развіцця вытворчай інфраструктуры і міжгаліновых вытворчасцяў”, “Сацыяльная інфраструктура рэгіёну”, “Спалучэнне галіновага і тэрытарыяльнага кіравання эканомікай саюзнай рэспублікі”. За гады плённага навуковага жыцця Кацярына Рыгораўна Кірэенка выдала шмат дапаможнікаў для студэнтаў і школьнікаў, напісала ў суаўтарстве некалькі значных прац па геаграфіі Беларусі.

У верасні Кацярыне Рыгораўне Кірэенка споўнілася 80 гадоў. Мы ганарымся сваёй зямлячкай, беражом памяць пра яе ў нашым музеі і гатовы падзяліцца інфармацыяй з кожным наведвальнікам.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея