Сёння ўвесь свет перажывае крытычны этап пандэміі каранавіруса, і наступныя некалькі месяцаў сітуацыя будзе нялёгкай, сцвярджаюць медыкі.
Вялікая колькасць інфіцыраваных і ў Дзятлаўскім раёне, аднак нашы дактары ў поўнай баявой гатоўнасці. Праявіўшы прафесіяналізм і вытрымку ў час першай хвалі COVID-19, яны зноў на перадавой барацьбы з небяспечным вірусам.
Дактары гавораць, што вірус непрадказальны, але ў асноўнай групе рызыкі – пажылыя людзі, бо ў многіх яшчэ ёсць хранічныя хваробы. Хварэюць і дзеці, аднак у іх часцей назіраецца бессімптомнае і лёгкае працяканне хваробы.
Вірус застаецца і жыве сярод нас, нагадваюць медыкі, таму, каб ён не набіраў сілу, неабходна заўжды выконваць базавыя правілы, такія як дэзынфекцыя рук, рэспіраторны этыкет, нашэнне маскі. Гэта пакуль адзіныя спосабы абараніцца ад інфекцыі. Таксама медыкі раяць людзям, пакуль яшчэ ёсць магчымасць, зрабіць прышчэпку ад грыпу. У час першай хвалі пандэміі было заўважана, што той, хто быў вакцынаваны, лягчэй перанёс каранавірус і ў менш цяжкай форме.
Усіх цікавіць пытанне, калі ж COVID-19 нарэшце пойдзе на спад. Эксперты настойваюць, што гэта адбудзецца, калі ў грамадстве сфарміруецца калектыўны імунітэт, гэта значыць калі 80 працэнтаў людзей будуць неўспрымальныя да хваробы. Выпрацуецца ён, калі большая частка насельніцтва перахварэе або калі з’явіцца выратавальная вакцына.
Медыкі Дзятлаўшчыны настроены аптымістычна і супакойваюць, што ў гэты нялёгкі для ўсіх час ніхто не застанецца без дапамогі, але кожны і сам павінен берагчы сябе.
На фота: медыцынская сястра агульнай практыкі Дзятлаўскай райбальніцы Наталля ШЧУР, участковы доктар-педыятр Новаяльнянскай бальніцы Алена ЛАЎРЭНЦЬЕВА
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup