Доўгажыхары. Дарыць людзям дабрыню

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Такі жыццёвы дэвіз абраў для сябе наш зямляк з вёскі Ахонава Міхаіл Сцяпанавіч Стэльмах, які 7 лістапада адзначае свой юбілейны 90-ы дзень нараджэння.

У яго працоўнай скарбонцы шмат дастойных узнагародаў, у тым ліку ордэн “Знак пашаны” за поспехі ў галіне сельскай гаспадаркі.

Як заключае сам юбіляр, жыццё яго выдалася неспакойным, але цікавым. Былі ў ім работа, вучоба, сямейныя клопаты, важныя гістарычныя падзеі, што паўплывалі на лёсы людзей. І не дзіўна, бо за 90 гадоў Міхаіл Сцяпанавіч перажыў некалькі эпох: нарадзіўся ён у 1930 годзе, калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы, у 9 гадоў хлопчык стаў савецкім грамадзянінам, бо гэтыя тэрыторыі ўключылі ў склад былога СССР, затым надышло ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны, былі пасляваеннае будаўніцтва народнай гаспадаркі, савецкая эпоха, яе згасанне, пераломныя і складаныя 90-ыя – і вось ужо больш за 25 гадоў юбіляр жыве ў незалежнай Беларусі.

Бацькі Міхаіла Стэльмаха былі простымі сельскімі працаўнікамі, трымалі сваю гаспадарку, апрацоўвалі надзел зямлі. Дарослым дапамагалі іх чацвёра дзяцей. Сельская праца ніколі не была лёгкай, а ў ваенны час і ўвогуле здараліся рызыкоўныя моманты. Аднойчы Міхаіл, які пасвіў у полі кароў, стаў сведкам бою мясцовага значэння. З боку Ахонава па вясковых падворках хадзілі немцы, папаўняючы свае запасы харчовых прадуктаў за кошт сялян, а з боку Панікартаў ішлі партызаны. Неўзабаве паміж імі завязалася перастрэлка. На шчасце, тады для падлетка ўсё скончылася добра.

Міхаіл Сцяпанавіч расказвае, што ў вайну беларусам жылося вельмі цяжка, тым не менш, гэта не зламала людзей, не пахіснула іх веру ў лепшае. І мірны час прыйшоў пад урачысты грукат салютаў Перамогі.

Да 1950 года Міхаіл жыў з бацькамі, працаваў на гаспадарцы, затым яго прызвалі ў Савецкую армію. Служыў юнак ва

Узбекістане, у Тэрмезе, паблізу афганскай мяжы. Калі вярнуўся з войска, задумаўся аб будучай прафесіі. У адной з рэспубліканскіх газет трапілася аб’ява аб наборы на курсы машыністаў-экскаватаршчыкаў у Мінску, і вясковы хлопец не пабаяўся паехаць на вучобу ў сталіцу. Пасля навучання Міхаілу прапанавалі некалькі варыянтаў для працаўладкавання. Ён выбраў Скідзельскую машынна-меліярацыйную станцыю, працаваў на яе Радунскім участку. Тады і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Нікіфараўнай – загадчыцай Саліжскай пачатковай школы Радунскага раёна. У 1955 годзе маладая пара згуляла вяселле. І вось ужо доўгія 65 гадоў Міхаіл і Марыя крочаць па жыцці разам праз радасці і выпрабаванні, шануючы і аберагаючы адзін аднаго. 2020-ы год выдаўся багатым для сям’і Стэльмахаў на круглыя даты: у сакавіку юбілейны дзень нараджэння адзначыла жонка, у лістападзе яго адзначае гаспадар, сёлета яны адсвяткавалі і “жалезнае” юбілейнае вяселле.

За гэты час лёс Міхаіла Сцяпанавіча нярэдка рабіў крутыя павароты. У далёкім 1956 годзе па рабоце яму прапанавалі накіравацца ў Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці. Ехаць туды малады сем’янін не захацеў, давялося звольніцца з машынна-меліярацыйнай станцыі і ўладкавацца прадаўцом у Казакоўшчынскі сельскі магазін. У хуткім часе стараннаму работніку прапанавалі стаць старшынёй сельпо, але ён адмовіўся, затое ў 1959 годзе згадзіўся на прапанову стаць старшынёй выканкама Чыжунскага сельскага савета тагачаснага Радунскага, пазней Воранаўскага раёна.

У 1967 годзе сям’я Стэльмахаў, дзе ўжо падрасталі дачка Валянціна і сын Леанід, вырашыла вярнуцца на малую радзіму бацькі ў Ахонава. Як узгадвае наш зямляк, на той час яго родная вёска была вялікай, тут кіпела жыццё: толькі ў мясцовай школе вучылася больш за 300 дзяцей, у тым ліку з бліжэйшых вёсак. Для такіх вучняў у Ахонава функцыянаваў прышкольны інтэрнат, куды выхавальніцай пайшла працаваць Марыя Нікіфараўна. А вось Міхаіл Сцяпанавіч абраў сельскую гаспадарку, бо якраз заканчваў завочнае аддзяленне Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Наступныя васямнаццаць гадоў наш зямляк паспяхова адпрацаваў загадчыкам участка мясцовага калгаса “Беларусь”. Ужо ў 1968 годзе за працоўныя дасягненні Міхаіла Стэльмаха адзначылі медалём ВДНГ, а ў сярэдзіне 70-х за высокія на працягу некалькіх гадоў ураджаі лёну – ордэнам “Знак пашаны”.

На просьбу раскрыць сакрэты працоўных дасягненняў юбіляр адказвае, што з дзяцінства быў знаёмы з сельскай працай, свае веды паглыбіў у тэхнікуме. Працуючы ў калгасе, ён не лічыўся з вольным часам, прачынаўся з першымі промнямі сонца, спяшаўся на палеткі, каб затым плённа арганізаваць работу людзей і тэхнікі. Менавіта планаванне і строгі ўлік дапамагалі дасягаць высокіх паказчыкаў у раслінаводстве.

У 1985 годзе Міхаіла Сцяпанавіча зноў паклікала гандлёвая справа: з гэтага часу і да выхаду на пенсію ў пачатку 90-х ён працаваў у магазіне суседняй вёскі Клішавічы.

Міхаіл і Марыя Стэльмахі выгадавалі сваіх двух дзяцей годнымі людзьмі, дачакаліся пяць унукаў і трох праўнукаў. Дачка Валянціна вывучылася на эканаміста, шмат гадоў адпрацавала ў сталічнай піваварнай кампаніі “Крыніца”, цяпер яна на заслужаным адпачынку, жыве ў Мінску. Педагагічную кар’еру абраў сын Леанід, і сёння ён дырэктар сярэдняй школы № 8 горада Ліды.

Сам Міхаіл Сцяпанавіч стараўся жыць для людзей і не стамляўся гэта пацвярджаць добрымі справамі. У 90-х гадах пабудаваць у роднай вёсцы храм Міхаілу Стэльмаху прапанаваў ураджэнец Ахонава, былы старшыня Лідскага райвыканкама Уладзімір Логаш. Вяскоўцы памяталі, што раней тут была царква, але яна згарэла ў гады вайны. Міхаіл Сцяпанавіч з радасцю ўзяўся за новую справу. Звяртаўся ў розныя інстанцыі, арганізоўваў аднавяскоўцаў для будаўнічых работ, раіўся з новаяльнянскім бацюшкам Валерыем Мануйлам – і ў 1999-2000 гадах драўляная царква была ўзведзена і асвечана ў гонар Святога Іаана Кранштацкага, а Міхаіл Стэльмах атрымаў Ганаровую грамату ад духавенства.

З пазіцыі вопыту і ўзросту, разважаючы аб жыццёвых каштоўнасцях, юбіляр зазначае, што заўсёды трэба заставацца чалавекам, старацца не крыўдзіць іншых. Калі табе даверылі работу з людзьмі – будзь справядлівым, узнагароджвай лепшых за заслугі, хто правініўся – паўшчувай, патлумач працаўніку, што ён зрабіў не так, і не стамляйся дарыць людзям дабрыню. Хочаш пражыць доўга – працуй сумлена і спі спакойна. Мяркую, што гэта жыццёвая мудрасць сябе апраўдала, бо ў свае 90 Міхаіл Сцяпанавіч Стэльмах застаецца пры светлай памяці і на сваіх нагах.

У дзень нараджэння Міхаіла Сцяпанавіча прыехалі павіншаваць з юбілеем работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і Вензавецкага дома культуры. У рамках культурна-інфармацыйнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” яны дарылі юбіляру самыя шчырыя віншаванні і радавалі вясёлымі песнямі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup