У Круцілавічах адкрыўся храм

Важнае Грамадства

У Круцілавічах асвяцілі царкву ў гонар іконы божай Маці “Усецарыца”.

Ідэя заснавання мясцовага божага храма ў аграгарадку прыйшла да жыхароў яшчэ пяць гадоў таму. Будаўніцтва праходзіла ў некалькі этапаў і заняло два гады. Стварэнне царквы адразу стала агульнай справай, у якой кожны вернік аказваў пасільную дапамогу. Неацэннай стала падтрымка ААТ “Граніт Агра”, спонсара многіх будаўнічых работ і, у прыватнасці, будаўніцтва даху.

І вось доўгі працэс завяршыўся. Прыгожае светлае памяшканне больш не нагадвае магазін, які калісьці стаў асновай для царквы. Белыя сцены увешаны абразамі і карцінамі ў пазалочаных рамах, уваход упрыгожвае “дыван” з кветак. Дзверы гасцінна расчынены, унутры гараць дзясяткі свечак ‒ усё гаворыць пра тое, што сёння ў гэтым месцы праходзіць вялікае свята.

Вернікаў на асвячэнне сабралася багата. Хтосьці прыходзіў адзін, хтосцьці ‒ з сябрамі і нават з цэлымі сем’ямі. Многія прыносілі свечкі і кветкі. У гонар асвячэння храма прайшоў Хрэсны ход. Для правядзення літургіі ў Круцілавічах сабраліся святары са ўсяго Дзятлаўскага раёна. Яны правялі першае ў гэтым храме таемства споведзі і прычасця.

У святочнай службе, акрамя мясцовых жыхароў, паўдзельнічалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, намеснік старшыні Ігар Кухарэвіч, старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых, дырэктар ААТ “Граніт Агра” Станіслаў Мазур.

У новым храме маліліся за Беларусь, за медыкаў, за здароўе праваслаўных хрысціян.

Напрыканцы ўрачыстай літургіі сакратар Навагрудскай епархіі протаіерэй Анатоль Герасімук узнагародзіў людзей, дзякуючы якім новы храм адкрыўся. У іх ліку ‒ Станіслаў Мазур, які быў адзначаны медалём Навагрудскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі павіншаваў прыхаджан храма з вялікім святам:

‒ Вельмі ўцешна, што ў Беларусі часта асвячаюцца новыя храмы, і ўдвая радасна, што гэта адбываецца на Дзятлаўшчыне.

Андрэй Уладзіміравіч падарыў царкве ікону, напісаную жыровіцкімі майстрамі.

Як расказаў святар Валерый Мануйла, ікона божай Маці “Усецарыца”, у гонар якой заснаваны храм, унікальная тым, што дапамагае вылечыць многія сур’ёзныя хваробы, нават анкалогію. Па яго меркаванні, будаўніцтва царквы было неабходным, каб у людзей з’явілася месца, куды можна прыйсці на службу, памаліцца і стаць яшчэ крыху бліжэй да Бога.

‒ Вядома, што маліцца можна і дома, аднак менавіта ў такіх святых месцах, як храмы, просьбы, звернутыя да Госпада, маюць найбольшую сілу, ‒ адзначыў настаяцель царквы. ‒ Калі ў парафіі ёсць храм, значыць, ёсць і вялікая вера, бо менавіта там збіраюцца вернікі, каб памаліцца за здароўе блізкіх і супакой памерлых. Наведванне храма надае высакароднасць душы чалавека, робіць яе чысцейшай і лепшай.

Галіна Сёмуха, мясцовая жыхарка, падтрымала словы айца Валерыя. На яе думку, царква з’явілася ў Круцілавічах вельмі своечасова, бо кожнаму неабходна месца, куды ён можа прыйсці, каб пагаварыць з богам, папрасіць падтрымкі і прабачэння за правіны. Асабліва ў такі няпросты час, як цяпер.

Марыя ПАПОВА
Фота аўтара і Наталлі Авярчук

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup