Спяваюць і гуляюць “Суседзі”

Важнае Культура і адпачынак

Сёлета народнаму тэатру-студыі гульні “Прымакі” спаўняецца 30 гадоў.

Гурт быў створаны ў 1990 годзе. Яго заснавальнікам была Ларыса Вікенцьеўна Панфіловіч. Ля вытокаў калектыву стаіць і Тамара Андрэеўна Ступак, якая з 2004 года кіравала гуртом. Яна і сёння спявае ў “Прымаках”.
Першапачаткова калектыў быў толькі мужчынскім, адсюль і адпаведная назва. Састаў “Прымакоў” неаднаразова мяняўся, у ім працавалі Людвіг Сербін, Васіль Шыцько, Вячаслаў Рудоль, Дзмітрый Міскевіч, Часлаў Свіб, Юрый Вярстак, Уладзімір Шалесны, Уладзімір Данільчык, Максім Маліноўскі, Іван Каско, Таццяна Кудзеля. Рэпертуар калектыву, як і ранней, складаюць беларускія народныя песні, гульні і забавы, абрады. Менавіта таму “Прымакі” і называюцца народным тэатрам-студыяй гульні. Гэтае званне гурт атрымаў у 2004 годзе.

З 2009 года народным калектывам кіруе Таццяна Янушкевіч, вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яна займаецца арганізатарскай дзейнасцю, піша сцэнарыі праграм. А вось песнямі, іх апрацоўкай і аранжыроўкай – Тамара Ступак.

Зусім нядаўна калектыў змяніў назву на “Суседзі”, гэта звязана з тым , што памяняўся склад удзельнікаў – стаў пераважна жаночым. Назва перастала адпавядаць. Але свой адметны накірунак творчай дзейнасці яны захавалі.

Напярэдадні Дня работнікаў культуры карэспандэнтка газеты “Перамога” сустрэлася з “Суседзямі”, каб пацікавіцца іх творчай дзейнасцю.

У склад калектыву народнага тэатра-студыі гульні ўваходзяць Віктар Вішнарэўскі, Іван Пятраш, Мікалай Палюшэвіч, Тамара Ступак, Ірына Бакшук, Святлана Грос, Таццяна Янушкевіч, а вось Андрэй Добыш і Святлана Венская (Сымон і Марыля) – галоўныя дзеючыя асобы гульнёвых праграм. Доўгі час тут працаваў Іван Венскі, які, спадзяюцца “Суседзі”, у хуткім часе вернецца ў калектыў.
Гурт спявае беларускія народныя і аўтарскія песні, ёсць і аўтэнтычныя нумары. Абрадавая частка праграм поўнасцю складзена на аснове традыцый нашага раёна.
Калектыў актыўна выступае з сюжэтна-абрадавымі, сюжэтна-гульнёвымі, канцэртнымі, канцэртна-забаўляльнымі праграмамі, у якіх прысутнічаюць не толькі народныя песні, але і гульні, танцы (кракавяк, падыспань, каробачка, полька дробная, на рэчаньку), забавы (калядныя, валачобныя, масленічныя, купальскія). Так, менавіта на мясцовым абрадзе “Юр’я”, які дарэчы  занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны, была падрыхтавана абрадава-гульнёвая праграма.

Калектыў сваё майстэрства прадэманстраваў у Полацку, Анапе, Віцебску, Мінску, Гродне, Слоніме, Ваўкавыску, Воранаве, Карэлічах і іншых.

Гледачы з радасцю завітваюць на зецельскі падворак, актыўна танцуюць, удзельнічаюць у гульнях.

“Суседзі” – частыя госці на раённых мерапрыемствах, наведалі амаль  усе куточкі Дзятлаўшчыны. З іх удзелам можна правесці народныя абрады пры рэгістрацыі шлюбу на роднай мове, вясельныя сямейныя ўрачыстасці, юбілейныя даты.

У гурта ёсць шмат узнагародаў, а з абласнога фестывалю гульні “Карнавал весялосці”, які праходзіць раз у два гады ў Воранаве заўсёды прыязджаюць з дыпломамі, а з апошняй паездкі – з пераможным.

У калектыва шмат творчых планаў на бягучы год. Сярод іх развучванне новых песен, побытавых танцаў, падрыхтоўка абрадава-гульнёвых праграм.

Сёлета ў “Суседзяў” з’явіліся новыя касцюмы, якія яны прадэманструюць у бліжэйшы час на сваіх выступленнях.

Напярэдадні свята “Суседзі” жадаюць калегам , перш за ўсё, добрага здароўя і настрою, не баяцца цяжкасцяў, каб заўжды яны атрымлівалі толькі прыемныя навіны і бадзёра ішлі па жыцці. Творчых поспехаў, паразумення ў калектывах і ўдзячных гледачоў.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup