5 кастрычніка 1966 года ў Парыжы адбылася Спецыяльная міжурадавая канферэнцыя аб статусе настаўнікаў, дзе быў падпісаны дакумент “Рэкамендацыі, якія тычацца статусу настаўнікаў”.
Дата правядзення канферэнцыі ў далейшым стала днём прафесійнага свята ўсіх педагогаў свету, займела свае ўстойлівыя традыцыі.
Напрыклад, на Дзятлаўшчыне, напярэдадні Дня настаўніка ў школах ладзіцца Дзень самакіравання. Навучэнцы старэйшых класаў вядуць урокі ў малодшых школьнікаў, ставяць ім адзнакі. Для некаторых старшакласнікаў такія “дэбюты” становяцца лёсавызначальнымі: праз некалькі гадоў яны і самі становяцца педагогамі.
Напярэдадні свята газета “Перамога” прапанавала педагогам, вучням, іх бацькам паразважаць аб ролі настаўніка ў нашым жыцці.
Якім павінен быць сучасны настаўнік?
Алена Жадзейка, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама:
– Перш за ўсё, я лічу, настаўнік павінен быць прафесіяналам сваёй справы, любіць сваю работу, любіць дзяцей. Вядома ж, педагогу варта верыць у тое, што кожнае дзіця ўнікальнае, верыць у яго сілы, паказваць яму магчымасці самаўдасканалення, быць справядлівым, шчырым і добразычлівым са сваімі вучнямі. Разам з бацькамі ўдзельнічаць у фарміраванні асобы культурнай, высокамаральнай, ініцыятыўнай і адказнай, працавітай, неабыякавай да праблем іншых людзей, здольнай шанаваць мінулае і будучыню.
Безумоўна, настаўнік павінен клапаціцца аб прэстыжы сваёй прафесіі, і, што сёння асабліва актуальна, памятаць пра маральную адказнасць за свае каментарыі наконт установы адукацыі, дзе працуе, і адукацыйнай сферы ўвогуле.
Ці лёгка сёння быць настаўнікам?
Станіслаў Фабішэўскі, старшыня раённай арганізацыі галіновага прафсаюза:
– Сучасны рытм жыцця патрабуе ад педагога пастаяннага прафесійнага росту, творчых адносінаў да працы, самааддачы. Новыя тэхналогіі – сур’ёзны канкурэнт у настаўніцкай справе: адкрываеш Google – і вось табе веды ў чыстым выглядзе. Аднак толькі настаўнік сёння дае дзецям тое, што не ў сілах даць машына, тое, што перадаецца выключна ад чалавека чалавеку: любоў і запал. Менавіта педагог “закручвае спружынку пазнання і самарэалізацыі”, якая ёсць у кожным дзіцяці. Ён вучыць любіць абраную справу, рухацца наперад, ставіць і выконваць задачы. Настаўнік вучыць дзяцей ісці да сваёй мары, дае ім тое, што можа даць толькі жывы чалавек, – канструкцыйную, стваральную эмоцыю. Менавіта настаўнік умее бачыць і цаніць у дзіцяці тую непаўторную індывідуальнасць, што адрознівае нас адзін ад аднаго, толькі педагог своечасова заўважае таленты і развівае ў дзецях лепшыя рысы характару. У рабоце настаўніка бываюць і бяссонныя ночы, і хвіліны болю, і крыўды, але шмат у ёй і добрых момантаў, якія саграваюць душу, дапамагаюць верыць ва ўласныя сілы.
Чаго мы чакаем ад настаўніка?
Марына Аўсеец, матуля:
– Настаўнік і грамадства – два нераздзельных паняцці: грамадства не можа рухацца наперад, калі ў ім няма ўсебакова гарманічна развітых асобаў, а такіх людзей можа выхаваць толькі сям’я разам з настаўнікам. Сучасны настаўнік не проста выкладае прадмет і ацэньвае веды, ён вучыць дзяцей, як трэба жыць. Рабіць гэта можа толькі педагог, у якога ёсць мудрасць, дабрыня, разуменне, мэтанакіраванасць, цярпенне і вялікая любоў да дзяцей. Мудрацы і прарокі паўтаралі, што настаўнік з такімі якасцямі зможа дасягнуць любой мэты, пераадолець цяжкасці, пражыць сваё жыццё недарэмна. На мой погляд, сучасны настаўнік, перш за ўсё, чалавек, які жыве ў гармоніі з самім сабой, з блізкімі і чужымі людзьмі. Строгасць у вачах, дабрыня ў сэрцы, уменне слухаць і разумець, уменне дапамагчы і падтрымаць – вось якасці адданага сваёй справе, мудрага педагога.
Ганна Некрашэвіч, навучэнка 10 класа:
– У кожнага чалавека ёсць свой кумір. Для некаторых гэта можа быць акцёр, спявак, блогер. Для мяне кумірам з’яўляецца настаўнік, і гэтым чалавекам стала выкладчыца рускай мовы і літаратуры Святлана Уладзіміраўна Урбан. Яна цікава і даступна падае свой прадмет, валодае красамоўем і проста любіць дзяцей. Святлана Уладзіміраўна не толькі выдатны настаўнік, але і добры сябар: можа даць слушную параду, падтрымаць, накіраваць на правільны шлях. У нашай школе шмат добрых выкладчыкаў, аднак Святлана Уладзіміраўна вылучаецца сваёй сучаснасцю – сочыць за апошнімі навінкамі, навінамі, плынямі. Праца з дзецьмі вымушае яе не адставаць ад навучэнцаў, умець размаўляць на іх мове, гаварыць на тэмы, якія цікавяць дзяцей. Мяркую, што педагог заўсёды павінен быць у трэндзе. Мы лічым, што Святлана Уладзіміраўна і ёсць прыклад сучаснага настаўніка.
Валерыя Палякова, навучэнка 10 класа:
– Для кагосьці настаўнік – чалавек, які дае веды, для іншага – сапраўдны сябар, да якога можна звяртацца па парады і не баяцца быць асуджаным ці адрынутым. Для мяне ж настаўнік – другая сям’я. Я люблю сваіх настаўнікаў, магу з упэўненасцю сказаць, што яны для мяне – прыклад для пераймання. Мае педагогі навучылі мяне не толькі асновам усiх навук, але і ўменню адрозніваць дабро і зло, выхавалі як асобу, навучылі не баяцца жыццёвых перашкодаў. Таму настаўнікі для мяне як другія бацькі. Яны праваднікі ў дарослае жыццё. Настаўнікі сустракаюць нас яшчэ маленькімі, а адпускаюць ужо паўнавартаснымі асобамі. У кожным з нас захоўваецца часцінка душы, падораная менавіта імі.
Алеся Харошка, навучэнка 10 класа:
– Прафесія настаўніка адна з самых складаных. Настаўніку трэба ўмець знаходзіць агульную мову з кожным вучнем, бо менавіта ён фарміруе асобу дзіцяці, раскрывае яго схаваныя магчымасці і таленты, рыхтуе да дарослага жыцця. Я ніколі не забуду настаўнікаў, якія сваім прыкладам выхавалі ў мяне лепшыя чалавечыя якасці. Асабліва ўдзячная сваёй першай настаўніцы, а таксама класнаму кіраўніку, якія з’яўляюцца для мяне ўзорам інтэлігентнасці, прыстойнасці, высокага ўзроўню адукацыі. Дзякуй вам!
Дыяна Крывіцкая, навучэнка 10 класа:
– Настаўнік – той чалавек, які адкрывае перад намі дзверы ў дарослае жыццё, па маленькіх цаглінках будуе нашу будучыню, дапамагае, укладвае ў нас сваё каханне і клопат. Самы галоўны настаўнік у нашым жыцці, напэўна, першы. Мой першы настаўнік – Святлана Іванаўна Ванчук. Ніколі не забуду, што менавіта яна дала мне першыя навыкі і веды. Увесь наш клас яна памятае па імёнах, хоць прайшло шмат часу з нашага 1 верасня. Мы бачымся даволі часта, і я вельмі ўдзячная ёй за ўсё, чаму яна нас навучыла. Усе мы павінны паважаць нашых настаўнікаў, ганарыцца імі, бо менавіта педагогі іграюць важную ролю ў нашым жыцці.
Анастасія Макуца, навучэнка 11 класа:
– Упэўнена магу сказаць, што мне пашчасціла вучыцца ў школе, якую 23 гады таму закончыў мой тата і якую сёлета заканчваю я. Усе 11 гадоў вучобы мяне акружаюць добрыя, чулыя, тактоўныя педагогі, якія ўмеюць знайсці падыход да кожнага вучня. Узгадаць хачу і сваю любімую настаўніцу англійскай мовы Ганну Мікалаеўну Лішык, якая для мяне – прыклад ва ўсім. На яе ўроках пануе асабліва добразычлівая атмасфера. Акрамя добрага настрою Ганна Мікалаеўна дае нам грунтоўныя веды. Яны дапамогуць мне ў далейшым стаць той, кім мару, бо, дзякуючы Ганне Мікалаеўне, я вырашыла звязаць сваю будучыню з англійскай мовай. Шчыра ганаруся тым, што мне пашанцавала з настаўнікамі. Упэўнена, што школьныя гады ўсё жыццё буду ўзгадваць з цеплынёй і ўдзячнасцю.
Як бачым, школа – другі дом для кожнага з нас, дзе мы праводзім большую частку дзяцінства, куды з задавальненнем прыходзім на вечары-сустрэчы ў сталым узросце. Настаўнікі – нашы надзейныя памочнікі, якія не толькі шчодра дзеляцца ведамі, але і вучаць маладое пакалене быць годнымі людзьмі, з павагай адносіцца да іншых, цаніць тое, што маем. Яны, як пуцяводныя зоркі, дапамагаюць не згубіцца ў бурлівым акіяне жыцця. Ці змаглі мы навучыцца ў іх галоўнаму? Адкажыце сабе на гэта пытанне – і зразумееце, наколькі добры вы вучань, наколькі мудры вы чалавек.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup