Нарыхтоўка кармоў і ўборка ўраджаю працягваюцца ва ўсіх гаспадарках Дзятлаўскага раёна.
Вырошчваннем салодкіх каранёў займаюцца ў шасці сельгасарганізацыях раёна. Пад гэтую культуру ў раёне занята 1030 гектараў.
Па стане на 5 кастрычніка цукровыя буракі ўбраны з плошчы 390 гектараў, што складае 38 % ад плана. Ураджайнасць – 350 цэнтнераў з гектара. Нарыхтоўку цукровых буракоў вядуць СГФ “АграМілк”, КСУП “Войневічы”, “Жукоўшчына”, “Дварэц”, “Хвінявічы”, ААТ “Граніт-Агра”.
Спрыяльны час для ўборкі салодкіх каранёў у гаспадарках імкнуцца не прапусціць. Бо ад тэрмінаў, спосабаў і якасці ўборкі, своечасовай дастаўкі караняплодаў на прыёмныя пункты шмат у чым залежыць захаванасць ўраджаю, а ў канчатковым выніку – выхад цукру.
У ААТ “Граніт-Агра” цукровыя буракі займаюць 200 гектараў. Адзін з палеткаў знаходзіцца ва ўрочышчы “Ліжэйкі”. Яго наведала карэспандэнтка газеты “Перамога” разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімірам Казаком.
Пятнаццаты год на ўборцы цукровых буракоў працуе вопытны камбайнер Уладзімір Гукіш. Надзейны імпартны камбайн маркі Kleine, хоць часам і прымусіць папацець над рамонтам, але дапамагае выконваць працу якасна і ў тэрмін. За тэхнікай механізатар сочыць старанна, і яна не падводзіць.
– Цукровыя буракі патрабавальныя да глебы, – расказвае галоўны аграном Юрый Бортнік. – Пры іх вырошчванні важна рэгулярна ўносіць мінеральныя ўгнаенні, мікраэлементы, праводзіць хімпраполку.
Умовы надвор’я ў гэтым годзе былі не зусім спрыяльнымі для паспяховага вырошчвання цукровых буракоў, але нават з улікам гэтага ўраджайнасць караняплодаў нядрэнная. На дадзены момант у ААТ “Граніт-Агра” сярэдняя ўраджайнасць – 400 цэнтнераў з гектара. Караняплоды спачатку адвозяць на бурачны пункт у Наваельню, а затым адпраўляюць на перапрацоўчае прадпрыемства – Жабінкаўскі цукровы завод.
Цукровыя буракі ў гаспадарцы плануюць прыбраць да канца кастрычніка. Галоўнае, каб не падводзіла надвор’е і тэхніка.
Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup