У Мінску ў межах Беларускага аграпрамысловага тыдня з 29 верасня па 4 кастрычніка праходзіла Міжнародная спецыялізаваная выстава “Белагра-2020”.
Наведала мерапрыемства і дэлегацыя Дзятлаўшчыны. Што прэзентавалі самі дзятлаўчане і што зацікавіла на выставе, расказваюць удзельнікі мерапрыемства.
Авечкі ад земляка і “міс карова”
Марыя Слушко, галоўны заатэхнік КСУП “Хвінявічы”, штогод ездзіць на выставу не толькі іншых паглядзець, але і сябе паказаць. Гэтым разам яна вазіла ад гаспадаркі на мерапрыемства двух бараноў-вытворцаў галандскай пароды тэксель, ужо выгадаваных у нас. Гэта парода някепска прыжылася ў “Хвінявічах”, пагалоўе на дадзены момант складае каля 500 жывёлін. З выставы гаспадарка прывезла дыпломы.
– На выставе мяне найперш цікавіла прэзентацыя авечак, бо маем у планах пачаць развядзенне ў гаспадарцы іншых парод, – кажа спецыяліст. – Да прыкладу, на выставе атрымалася пабачыць катумскую пароду авечак, якая імпануе мне па зручнасці ў развядзенні і доглядзе. У Беларусі яе пакуль няма. Яе разводзяць у гаспадарках Ленінградскай вобласці, а вынаходнік пароды – наш зямляк, вучоны з Руды Яварскай фермер Алег Лебедзь. Асаблівасць гэтай мясной пароды ў тым, што яна не патрабуе стрыжкі, што сёння вельмі актуальна (у Беларусі не перапрацоўваюць воўну – рэд.).
Марыю Сяргееўну ўразіў конкурс прыгажосці сярод племянных кароваў рэспублікі. Рагатая прыгажуня Аўрора з гаспадаркі “Свіслач” Гродзенскай вобласці атрымала тытул “Міс-2020”.
Дроны ў палях – ужо хутка
Дырэктар КСУП “Войневічы” Сяргей Францішчык – часты госць на сельскагаспадарчых выставах. Кіраўніка гаспадаркі найперш цікавіць сельскагаспадарчая тэхніка, якая зможа аптымізаваць работу ў полі, паскорыць яе і зрабіць больш эфектыўнай.
Інавацыя, якая пакуль толькі прэзентавалася на выставе, але можа стаць рэальнасцю ў бліжэйшай перспектыве, – выкарыстанне квадракоптараў для ўнясення хімічных сродкаў абароны раслін.
Такія апараты беспілотныя. Яны могуць лётаць і выконваць работу нават у начны час, што паскорыць час на выкананне ахоўных сельскагаспадарчых мерапрыемстваў.
Хлеб новага ўраджаю
На спецыялізаванай выставе “Белагра-2020” сваё майстэрства прадэманстравалі і нашы хлебапёкі. Дзятлаўчане ўдзельнічалі ў афармленні стэнда Гродзенскага аблспажыўтаварыства, якая сёлета заваявала дыплом першай ступені. З Дзятлава на выставу “паехалі” дэманстрацыйны экспанат, здобны “Рог багацця”, а такскама 16 узораў хлеба і хлебабулачных вырабаў, з іх чатыры – для дыетычнага харчавання. Былі адзначаны багаты асартымент, высокая якасць хлебабулачнай прадукцыі, на “ўра” прайшла дэгустацыя.
Разам з Людмілай Фёдараўнай выставу рыхтаваў увесь калектыў хлебнага цэха, яго дырэктар Васіль Саракапыт, старшы майстар Лідзія Дайліда. Выпякала багаты хлебны асартымент працоўная змена пад кіраўніцтвам Соф’і Мілевіч.
Наталля АВЯРЧУК
Фота з асабістага архіву ўдзельнікаў, з інтэрнэт-крыніц
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup