Чым небяспечны “ціхі забойца”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

З пачаткам асенне-зімовага ацяпляльнага сезона колькасць здарэнняў, звязаных з эксплуатацыяй ацяпляльнага абсталявання, заўсёды павялічваецца.

Няправільнае выкарыстанне яго прыводзіць да ўзнікнення пажару, а часам і да гібелі людзей. Адным з небяспечных фактараў, якія ўзнікаюць пры няправільнай эксплуатацыі пячнога ацяплення і цеплагенерыруючых прылад, з’яўляецца чадны газ.

Жыхарам дамоў і кватэр варта быць вельмі акуратнымі пры эксплуатацыі печаў, катлоў і газавага абсталявання. Адчуць або ўбачыць чадны газ чалавек не можа, бо ён не мае колеру і паху.

Першая прыкмета таго, што чалавек удыхнуў чадны газ, – пачуццё ўдушша і галаўнога болю. Пры высокай яго канцэнтрацыі ў арганізме надыходзіць страта свядомасці і параліч, а пры канцэнтрацыі газу больш за 1,2 % у паветры чалавек памірае за некалькі ўдыхаў.

У печы або цвёрдапаліўным катле чадны газ з’яўляецца, калі дровы цалкам не згарэлі, а засланку коміна зачынілі. Памятайце, паліць у печы трэба больш чым за дзве гадзіны да адыходу да сну. Засланку зачыняйце пасля поўнага згарання паліва.

Атруціцца чадным газам можна і ад газавай пліты, калонкі або катла. Прычынай атручвання можа быць засмечванне дымавой трубы і адсутнасць належнай вентыляцыі памяшкання. Перад уключэннем абсталявання заўсёды правярайце наяўнасць цягі.

Надзейнай абаронай ад атручвання чадным газам служыць спецыяльны датчык, які своечасова яго выявіць, падасць гукавы сігнал і паведаміць аб небяспецы.

Каб не атруціцца чадным газам, МНС нагадвае: будзьце пільныя і не забывайце аб правілах бяспекі пры эксплуатацыі ацяпляльнага абсталявання і газавых прыбораў.

Марта МІЛАШ,
старшы інспектар Дзятлаўскага РАНС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup