Свая кватэра. Якое жыллё будуецца на Дзятлаўшчыне?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Займець свой утульны куточак, дзе цёпла і камфортна, дзе за сталом збіраецца сям’я, куды на святы клічуць родных і сяброў – мара кожнага чалавека.

У нашай краіне шмат увагі надаецца будаўніцтву жылля. Беларусь – адна з нямногіх дзяржаў, дзе вядзецца адміністрацыйны ўлік грамадзян, якім неабходна палепшыць жыллёвыя ўмовы. Працэдура гэта патрэбна як для сістэматызацыі, так і для арганізацыі маштабнай дзяржаўнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян. Напрыклад, на кантролі ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь застаецца Праграма будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці і рэалізацыя рэспубліканскага праекта “Вёска будучыні”, скіраванага на забеспячэнне дастойнай занятасці і стварэнне інфраструктуры гарадскога жыцця ў сельскай мясцовасці. Згадзіцеся, калі ёсць уласны дом або кватэра, пастаянная работа, побач працуюць дзіцячы садок і школа, малады спецыяліст не стане марыць аб пераездзе ў абласны цэнтр ці сталіцу.

Як праблема вырашаецца на Дзятлаўшчыне, расказала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Вольга Лашко.

– У адпаведнасці з праграмай жыллёвага будаўніцтва ў Дзятлаўскім раёне ў 2020 годзе вядуцца работы па рэканструкцыі нежылога будынка па вуліцы 50 год ЛКСМБ, 2 у Дзятлаве пад шматкватэрны жылы дом дзяржаўнага жыллёвага фонду (арэнднае жыллё). Работы выконвае генпадрадчык ДП “Шчучынская МПМК-167”. Здача аб’екта запланавана на снежань 2020 года.

Цяпер ажыццяўляецца праектаванне 72-хкватэрнага жылога дома ў квартале шматпавярховай жылой забудовы па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве, а таксама рэканструкцыя часткі нежылога будынка пад шматкватэрны жылы дом дзяржаўнага жыллёвага фонду (арэнднае жыллё) у гарадскім пасёлку Казлоўшчына па вуліцы Леніна, 35. Будаўніцтва гэтых аб’ектаў плануецца ў 2021 годзе.

Па праграме будаўніцтва жылля на сяле ў 2020 годзе быў узведзены 4-хкватэрны жылы дом у аграгарадку Круцілавічы па вуліцы Цэнтральнай. У верасні гэты аб’ект прыняты ў эксплуатацыю. Генпадрадчыкам з’яўлялася Дзятлаўскае ААТ “Будкомплекс”.

Каб пабачыць вынікі работы будаўнікоў, карэспандэнты газеты пабылі ў аграгарадку. Круцілавічы, дзе знаходзіцца цэнтральная сядзіба гаспадаркі ААТ “Граніт-Агра”, хоць невялікі, але чысты і добраўпарадкаваны. Варта адзначыць, што з кожным годам ён становіцца ўсё больш камфортным і прыгожым. Гэта радуе, бо ў сельгаспрадпрыемстве працуе шмат моладзі.

– Да нас прыходзяць маладыя спецыялісты, моладзь стварае сем’і, таму і было прынята рашэнне будаваць жыллё, – уводзіць у курс спраў намеснік дырэктара ААТ “Граніт-Агра” па ідэалагічнай рабоце Кацярына Дубешка. – Новы чатырохкватэрны дом агульнай плошчай 305,3 метра квадратнага “вырас” па вуліцы Цэнтральнай побач з аналагічным па праекце, які быў здадзены ў эксплуатацыю ў 2017 годзе. Будаўніцтва пачалося ў сакавіку, а ў верасні мы ўручылі ключы ад трохпакаёвых кватэр з усімі выгодамі “пад ключ” сем’ям Сяргея і Юліі Жыдковых, Яўгена і Вольгі Літвінскіх, Віталя і Паліны Макарчукоў, Арцёма і Святланы Літвінскіх.

Падрадчык – Дзятлаўскае ААТ “Будкомплекс” – не падвёў: усе работы выкананы ў сціслыя тэрміны. На будаўніцтва службовага жылля было патрачана 568,159 тысячы рублёў – гэта ўласныя сродкі гаспадаркі плюс сродкі крэдытавання па Праграме будаўніцтва ў сельскай мясцовасці.

Вялікую ўвагу мы надаём сацыяльнай падтрымцы работнікаў: забяспечанасць жыллём маладых спецыялістаў ААТ “Граніт-Агра” складае 100 %. У Круцілавічах ёсць інтэрнат кватэрнага тыпу на дзесяць пакояў з асобнымі ўваходамі, сёлета капітальна адрамантавалі звонку і ўнутры яшчэ адзін такі ж інтэрнат у вёсцы Лапушна. Не менш увагі надаём арганізацыі вольнага часу: у адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства абсталяваны трэнажорная і тэнісная залы, у цяперашні час афармляюцца дакументы на будаўніцтва пляцоўкі са штучным пакрыццём для міні-футболу (будзе дзе тэніравацца футбольнай камандзе гранітаўцаў “Лібертас”), насупраць новага дома робім яшчэ і пляцоўку для пляжнага валейболу. Мяркую, нашу моладзь на працоўных месцах “трымае” не толькі жыллё, але і дастойная зарплата, магчымасць кар’ернага росту, цікавая арганізацыя вольнага часу.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup