25 верасня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ў фармаце адкрытага дыялогу прайшла ўрачыстая моладзевая сустрэча, прымеркаваная да 100-годдзя Ленінскага камсамола Беларусі.
Слаўнае мінулае і сучаснасць гарманічна спалучыліся ў юбілейнай выставе “У адзінстве наша моц”, падрыхтаванай раённымі арганізацыямі грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. Эксапазіцыя нагадвала аб набытках мінулага і дасягненнях сучаснай моладзі нашага раёна, знаёміла з камсамольскай і піянерскай атрыбутыкай розных гадоў.
На свята былі запрошаны ветэраны камсамольскага руху Дзятлаўшчыны Яўгенія Савань, Людміла Халопік, Галіна Чура, Ядвіга Гушча. Іх віталі актывісты раённай арганізацыі ГА “БРСМ” на чале з першым сакратаром раённага камітэта Кацярынай Хілімончык, а таксама старшыня раённай піянерскай арганізацыі Ірына Мішчанка.
– Беларускі камсамол для нас, моладзі, застаўся толькі ў кніжках і кінастужках, але пераемнікам яго лепшых традыцый стаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, – зазначыла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – І сёння на пляцоўцы адкрытага дыялогу я прапаную прысутным узгадаць яркія моманты гісторыі камсамолу, расказаць пра справы сучаснай саюзнай моладзі, намеціць новыя планы.
Паважаныя ветэраны моладзевага руху, раскажыце, чым для вас быў камсамол.
– Камсамол – гэта вялікія справы на карысць Радзімы, – упэўнена адказала на пытанне Яўгенія Савань. – У свой час я прымала ўдзел у пятнаццатым з’ездзе ўсесаюзнага камсамола ў Маскве. Там выступалі маладыя будаўнікі Байкала-Амурскай магістралі, чыгуначнай лініі Абакан – Тайшэт. І калі прагучаў заклік, хто жадае ехаць у таёжную глуш на моладзевую будоўлю, усталі ўсе. Я ўступіла ў камсамол на пачатку 50-х, і да гэтай пары лічу сябе камсамолкай.
– Камсамол – гэта моцнае сяброўства, узаемавыручка, цікавыя справы, – прадоўжыла аповед Галіна Чура. – Гэта высокі ўзровень працы і дысцыпліны. Калі ты малады і Радзіма даручыла табе заданне – павінен апраўдаць давер, выканаць яго. Вось што такое камсамол.
– Камсамол – старэйшы сябар піянерыі, – зазначыла Людміла Халопік. – І каб стаць камсамольцам даводзілася вытрымаць сур’ёзны экзамен на адпаведнасць. Ацэньваліся паспяховасць у вучобе, дысцыплінаванасць, культура паводзінаў, а таксама грунтоўныя веды па гісторыі камунізму. Затое якімі цікавымі былі камсамольскія спаборніцтвы і сустрэчы, якім моцным – імкненне да перамогі.
– У камсамол я ўступіла ў час урачыстасці да 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, – узгадала Ядвіга Гушча. – Гэта было вялікае свята, на якім у шэрагі моладзевай арганізацыі прынялі самых лепшых. Затым мы дапамагалі астатнім вучням класа падрыхтавацца да ўступлення. І наш клас заўжды быў на перадавых пазіцыях. Актыўнасць засталася галоўнай рысай майго характару на ўсё жыццё. Цяпер я пенсіянерка, але ад імя савета ветэранаў раёна клапачуся аб нашых пажылых земляках. Жадаю і сучаснай моладзі раёна, каб у іх сэрцах назаўжды пасяліліся вера, надзея, любоў, якія дапамогуць ісці правільным шляхам.
Камсамольцам мінулых гадоў у якасці падарунка свае лепшыя песні падрыхтавалі артысты Дзятлаўшчыны.
Пра жыццё раённай моладзевай арганізацыі ГА “БРСМ” на сучасным этапе расказала Кацярына Хілімончык. Уражаннямі ад сёлетняй вандроўкі на моладзевым цягніку БРСМ падзялілася Марына Нячай. Усе госці свята атрымалі падарункі ад раённага камітэта ГА “БРСМ”.
– Сёлета юбілей святкуе не толькі камсамол Беларусі, сваё трыццацігоддзе нядаўна адзначыла Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, – зазначыла старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка. – Я пабыла на пленуме абласнога савета і прывезла адтуль грамату, якую хачу сёння ўручыць камандзе “Полымя” піянерскай дружыны імя М. Марозавай сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава за перамогу ў намінацыі “Сцяг-шоу” першага рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Агеньчык запрашае сяброў”. Хутка яны будуць прадстаўляць Гродзеншчыну на рэспубліканскім этапе фестывалю.
Сустрэча пакаленняў выдалася цёплай і шчырай, гучалі віншаванні і самыя добрыя пажаданні, а напрыканцы ўсе ўдзельнікі сфатаграфаваліся на памяць, каб упісаць яшчэ адну яркую старонку ў гісторыю моладзевага руху нашага раёна.
Ірына СТЫРНІК