Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Каму гарэлка перашкаджае гадаваць дзяцей?

Важнае Здарэнні і бяспека

Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18.

Члены савета разгледзелі вынікі трох сацыяльных расследаванняў і прынялі рашэнні аб прызнанні 5 непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы, таксама прааналізавалі выкананне раней прынятых рашэнняў аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы.

Бацькі – адпачываюць, блізкія – гадуюць

У сям’і, дзе гадуюцца двое дзяцей, малодшаму з якіх усяго гадок, было праведзена сацыяльнае расследаванне. Трывожнае паведамленне аб тым, што дарослыя часта бываюць п’янымі, паступіла ад сацыяльнага педагога. Ужо ў час расследавання спецыялісты службаў прафілактыкі засталі бацьку і маці нецвярозымі, накіравалі іх на медыцынскае асведчанне. Дзяцей экстрана не адабралі толькі таму, што за імі наглядала хросная маці. Дарэчы, у сям’і былі ўжо тры факты, калі з-за п’янак маці і бацькі непаўналетніх перадавалі родным.

Паколькі вынікі сацыяльнага расследавання пацвердзілі прыкметы недабрабыту, члены каардынацыйнага савета прынялі рашэнне прызнаць дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы. Дарослым наказалі абавязкова схадзіць на прыём да доктара-нарколага, таксама папярэдзілі іх, што пры паўторных п’янках непаўналетніх прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Дапамаглі наладзіць быт

У цяжкую жыццёвую сітуацыю трапіла ўраджэнка нашага раёна, якая раней сама была сацыяльнай сіратой. Маладая жанчына вучылася ў абласным цэнтры, выйшла замуж, нарадзіла дзіця. Але адносіны ў маладой сям’і незаладзіліся. Маці з маленькім дзіцём вырашыла вярнуцца на Дзятлаўшчыну. Пасялілася яна ў нядобраўпарадкаваным вясковым доме, які належыць сваяку. Забяспечыць дзіцяці належныя ўмовы там было складана.

На дапамогу сям’і ўжо ў час сацыяльнага расследавання прыйшлі службы раёна. Маладой маці выдзелілі пакой у інтэрнаце, дапамаглі з рамонтам і бытавымі рэчамі.

Казаць аб канчатковым вырашэнні складанай сямейнай сітуацыі пакуль рана. Яшчэ невядома, будуць бацькі непаўналетняга жыць разам ці аформяць развод, як маладая маці справіцца са сваімі абавязкамі. Улічыўшы гэтыя акалічнасці, члены каардынацыйнага савета прызналі дзіця ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Як супакоіць хатняга агрэсара?

За сёлетні год у гаспадара сям’і, дзе гадуюцца двое дзяцей, ужо два правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Першае – гэта сварка з суседзямі, другое – скандал з жонкай. Мужчына пасля ўжывання спіртнога паводзіць сябе як агрэсар. Яго жонцы можна толькі паспачуваць: яна не вінавата, а чырванець перад спецыялістамі службаў прафілактыкі за другую палавінку ўсё роўна даводзіцца. З-за гэтага сям’ю ўзялі на кантроль і прызналі дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы. Жанчыне патлумачылі, як закон абараняе грамадзян ад хатніх ціранаў, і што адной з дзейсных мераў уздеяння на іх з’яўляецца ахоўнае прадпісанне. Мужчыне парэкамендавалі наведаць доктара-нарколага і папярэдзілі, што ён можа трапіць у ЛПП, калі не возьмецца за розум.

Не ўсе праблемы вырашаны

Работа з сям’ёй, дзе двое дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, будзе прадоўжана, бо выкананы не ўсе патрабаванні спецыялістаў службаў прафілактыкі. Сярод станоўчага тое, што двое бацькоў працуюць, не злоўжываюць алкаголем. Аднак у доме, дзе жыве сям’я і на прылеглым участку не заўжды падтрымліваецца належны парадак. Не ўсё гладка ва ўзаемаадносінах бацькі і дачкі-навучэнкі каледжа. Дарослых папрасілі ўхіліць усе недахопы да наступнага пасяджэння каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18.

У маці – апошні шанц

Жанчына гадуе непаўналетняга сына і жыве ў добраўпарадкаваным пакоі інтэрната. Нядаўна ў яе адбыўся канфлікт з сужыцелем, які падняў на яе руку. Пасля гэтага ўсхваляваны сын прыбег да цёткі, прасіў выклікаць міліцыю. Аднак праблема маці не толькі ва ўзаемаадносінах з сужыцелем, але і ва ўжыванні алкаголю. З-за гэтага жанчына ўчыняе прагулы на рабоце, а сыну даводзіцца заставацца ў радні.

Маці і сужыцель не раз выказвалі жаданне выехаць у іншы раён, дзе ў мужчыны ёсць дачка, якая гадуецца ў прыёмнай сям’і, забраць сабе дзяўчынку. Аднак пакуль яны і тут не могуць вырашыць сваіх праблем. Члены каардынацыйнага савета папярэдзілі жанчыну, што пачаты збор дакументаў на прызнанне яе сына маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Таксама ў час пасяджэння былі разгледжаны яшчэ чатыры сям’і, з якімі вялася работа спецыялістаў службаў прафілактыкі раёна. Высветлілася, што сітуацыя там наладзілася, галоўныя праблемы недабрабыту вырашаны, таму члены каардынацыйнага савета адмянілі  ранейшае рашэнне аб прызнанні непаўналетніх, якія гадуюцца ў сем’ях, у сацыяльна ненадзейным становішчы.

Што даражэй: дзеці ці алкаголь?

Сям’я, дзе гадуюцца двое непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы, ужо даўно знаходзіцца на кантролі службаў прафілактыкі з-за паводзінаў бацькоў. Нядаўна сітуацыя пагоршылася. Шлюб паміж дарослымі скасаваны, і, нягледзячы на агульны дом, кожны жыве сваім жыццём. У жанчыны ёсць сужыцель, з-за гэтага дзеці часта застаюцца ў сваякоў. Дарослыя нярэдка злоўжываюць алкаголем. Праблема са спіртным стала прычынай таго, што некаторы час жанчына нідзе не працуе. А вось бацька непаўналетніх працуе без нараканняў на дысцыпліну.

Члены каардынацыйнага савета папярэдзілі гора-маці, што, калі яна ў бліжэйшы час не пройдзе лячэння ад алкагольнай залежнасці, дзяцей прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. На яго зноў выклікалі бацькоў з гэтай сям’і. У паводзінах дарослых, на жаль, нічога не змянілася. Яны прадоўжылі злоўжываць алкаголем. Маці так і не закадзіравалася, не паспрабавала працаўладкавацца. За дзяцей па-ранейшаму больш перажывалі сваякі, чым бацькі. Члены камісіі аднагалосна падтрымалі рашэнне прызнаць непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Гэта ўжо другое адабранне ў гэтай сям’і. Цяпер, калі дарослыя не возьмуцца за розум, іх пазбавяць бацькоўскіх правоў.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup