Гарантыі па дзяржаўным сацыяльным страхаванні.
Дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ўяўляе сабой сістэму пенсій, дапамог і іншых выплат грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Права на выплаты па дзяржаўным сацыяльным страхаванні набываецца ў залежнасці ад выплаты ўзносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (далей – бюджэт фонду).
Па дзяржаўным сацыяльным страхаванні застрахаваныя грамадзяне забяспечваюцца:
— пенсіямі па ўзросце, інваліднасці, у выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў, прафесійнымі пенсіямі;
— дапамогамі па цяжарнасці і родах;
— дапамогамі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, доглядам дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў;
— дапамогамі па хваробе і часовай непрацаздольнасці, выплатамі за санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне;
— дапамогамі па беспрацоўі;
— дапамогамі на пахаванне.
На жаль, застаецца актуальнай праблема, калі фактычная заработная плата некаторых работнікаў камерцыйных арганізацый і наёмных работнікаў у індывідуальных прадпрымальнікаў значна вышэйшая за тую, якая ўказана ў бухгалтарскіх дакументах, а розніца ў суме выплачваецца ў канверце. Выплачваючы заработную плату ў канверце, працадаўцы ўхіляюцца ад адлічэнняў у бюджэт фонду. Варта памятаць, што падман дзяржавы часам абыходзіцца ім дорага.
Фізічныя асобы, якія атрымліваюць заработную плату ў канверце, з якой не ўтрыманы і не пералічаны ў бюджэт фонду страхавыя ўзносы, губляюць права на выплату дапамог па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах, пенсіі, падлік якіх ажыццяўляецца, зыходзячы з афіцыйнай, указанай у бухгалтарскім уліку, заработнай платы.
Права на працоўную пенсію па ўзросце прадастаўляецца пры наяўнасці страхавога стажу, гэта значыць перыядаў працы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці, на працягу якіх ажыццяўлялася выплата абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні. У 2020 годзе – гэта 17 гадоў 6 месяцаў, у 2021 годзе – 18 гадоў. Штогод мінімальны страхавы стаж павялічваецца на 6 месяцаў і ў 2025 годзе дасягне 20 гадоў.
Фізічныя асобы, якія атрымліваюць заработную плату ў канверце, сутыкаюцца з наступствамі супрацьзаконнай формы аплаты іх працы і застаюцца ні з чым.
Марыя ЖЫДКО,
начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup