Кожная падпісная кампанія для раёнкі – своеасаблівы экзамен на якасць інфармацыйнага прадукта, які газета прапануе сваім чытачам.
І кожны раз творчыя работнікі нашага выдання задумваюцца, як зрабіць “Перамогу” яшчэ больш цікавай для жыхароў Дзятлаўшчыны.
Ужо сёння на старонках раёнкі ёсць артыкулы, разлічаныя на чытачоў розных узростаў і прафесій. Наша газета імкнецца не проста расказваць дзятлаўчанам навіны, але абавязкова ўзгадваць аб тых земляках, якія былі ў цэнтры падзей, сваёй нястомнай працай і творчасцю стваралі наш дабрабыт – расцілі хлеб, будавалі дамы, добраўпарадкавалі населеныя пункты, выпускалі прамысловую і харчовую прадукцыю, вучылі, лячылі, дарылі нам свята і добры настрой. Гэта нашы родныя, сябры, знаёмыя, гэта “героі кожнага нашага дня”. Іх справы і старанні не павінны быць забыты нават праз многія гады. Таму калектыў рэдакцыі трымае руку на пульсе падзей, знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, спрабуе здзіўляць, інтрыгаваць сваіх падпісчыкаў, заклікаць да супрацоўніцтва (і такія ў нас ужо ёсць). Раскрываць усе творчыя сакрэты мы пакуль не будзем, але раскажам пра два новых праекта.
Газета “Перамога” разам з краязнаўцам Міхаілам Лук’янчыкам у сваім наступным нумары запускае праект – “Землякі”. Мы будзем расказваць пра жыццёвы шлях жыхароў Дзятлаўшчыны, якія зрабілі свой унёсак у развіццё раёна. І гэта будуць успаміны і выказванні землякоў, якіх мы добра ведаем, многія з якіх станоўча паўплывалі на лёс сучаснікаў.
Яшчэ адзін праект раёнкі “Хто мы, новае пакаленне?”, які таксама хутка з’явіцца на газетнай паласе, раскажа аб моладзі Дзятлаўшчыны. Якая яна? Чым цікавіцца? Што чытае? Як адпачывае? Аб чым марыць? Дзе вучыцца? Як працуе? Да чаго імкнецца? – на гэтыя і многія іншыя пытанні пастараюцца адказаць журналісты нашага выдання і пазаштатныя аўтары “Перамогі”.
Гэтыя навінкі мы сёння прапануем падпісчыкам нашай газеты. Аднак рэдакцыя і сама чакае цікавых ідэяў і прапановаў ад тых, хто сябруе з “Перамогай”. Пішыце нам на адрас: г. Дзятлава, вул. Чырвонаармейская, 21, або на электронную пошту: drgp21@mail.ru. Дзяліцеся сваімі навінамі, назіраннямі, цікавымі фактамі з жыцця, прапануйце новыя тэмы, задавайце пытанні, прыходзьце на Дні падпісчыка, дзяліцеся меркаваннямі аб надрукаваным у газеце. Чакаем вашых водгукаў.
З павагай калектыў рэдакцыі газеты “Перамога”