У райцэнтрах Беларусі і Гродзеншчыны ў прыватнасці прадаўжаецца эстафета мітынгаў “За Беларусь”.
26 жніўня, пасля працоўнага дня, да яе далучылася Дзятлава.
На плошчы 17 верасня райцэнтра было шматлюдна. Тут сабраліся прадстаўнікі ўсіх працоўных калектываў раёна і нераўнадушныя мясцовыя жыхары, каб падтрымаць абраны нашай краінай курс – за мірнае жыццё, бяспечную і суверэнную дзяржаву.
Прыехаў і далучыўся да землякоў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.
З нацыянальнымі сцягамі, расцяжкамі, плакатамі ў руках дзятлаўчане прыйшлі на плошчу выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і падтрымаць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку.
– Я сёння прыйшла на мітынг, каб выказаць не толькі сваю пазіцыю, але і пазіцыю пераважнай колькасці ўдзельніц Дзятлаўскай раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын”, – зазначыла старшыня аб’яднання Алена Жадзейка. – Сёння мы далучаемся да хора жанчын Беларусі, каб сказаць: “Мы за адзіную, мірную, за нашу любімую, незалежную Беларусь”.
Дзякуючы прафесійнай і грамадскай дзейнасці мне часта даводзіцца размаўляць са сваімі калегамі і сяброўкамі з блізкага і далёкага замежжа. З гонарам чую іх выказванні, што мы жывём у незалежнай, сацыяльна гарантаванай краіне. Гэта дзякуючы таму, што ў нашай дзяржаве не проста Прэзідэнт, у нашай дзяржаве – Бацька.
На жаль, сёння, на вуліцах беларускіх гарадоў пачалі праяўляцца хаос і беспарадкі. Цяжка ўсведамляць, што ў іх уцягнуты маладыя людзі, нашы з вамі дзеці, якія яшчэ не разумеюць, што, каб жыць добра, трэба вучыцца і старанна працаваць.
Мне хочацца заклікаць вас да мудрага рашэння: давайце збяромся разам, патлумачым моладзі сітуацыю, якая склалася ў краіне. Праблемы ёсць, былі і будуць, але яны вырашальныя і вырашаць іх трэба мірным шляхам, у прававым полі.
Вельмі эмацыянальным і шчырым атрымалася выступленне яшчэ адной удзельніцы мітынгу Тамары Крывеня:
– Я хачу заклікаць вас, дарагія дзятлаўчане, згуртавацца за мір, за Беларусь, за сяброўства паміж народамі і працоўнымі калектывамі. Я нарадзілася пасля вайны і ведаю, што такое разбураная краіна. Мой бацька ў 17 гадоў пайшоў на фронт, дайшоў да Берліна. Ён вучыў нас любіць сваю зямлю, паважаць людзей, працаваць для дабрабыту народа. Беларусам гэта ўдалося: 75 мірных гадоў дазволілі ўсталяваць на роднай зямлі парадак. Беларусь – развітая, квітнеючая краіна. Яна прыцягвае ўвагу не толькі беларусаў, якія ганарацца ёю, але і людзей, якія жывуць на захадзе і ўсходзе. З-за гэтага ў нас зноў узнікла вялікая праблема: стала неспакойна. Я заклікаю вас: давайце памятаць, што наша Беларусь – гэта наша Радзіма, за якую нашы дзеды аддалі свае жыцці, за яе гінулі дзеці і жанчыны. У нашых сілах цяпер падняцца і абараніць яе, каб яна зноў адрадзілася.
Не менш эмацыянальна выступіла Ала Барысенка:
– Беларусь заўжды была міралюбівай, несла каштоўнасці дабрыні і справядлівасці. Балюча і страшна, калі ўсе спадзяванні разбураюцца. Падбухторшчыкі дзейнічаюць не ў інтарэсах народа, а каб дэстабілізаваць сітуацыю на прадпрыемствах. Заклікаю ўсіх не паддавацца на правакацыі, не ўчыняць неабдуманых дзеянняў. Як прафсаюзны лідар, падкрэсліваю: гэта можа адбіцца на дабрабыце кожнага з нас. Сёння намаганні працоўных калектываў павінны быць скіраваны на забеспячэнне бесперабойнай работы прадпрыемстваў. Давайце будзем абачлівымі, давайце захаваем мір і спакой у краіне.
Ад імя моладзі Дзятлаўшчыны слова ўзяла Марына Нячай:
– Мы моладзь, якой не ўсё роўна, што адбываецца ў краіне. Мы – моладзь, якая прывыкла ствараць, а не ламаць, будаваць, а не разбураць, працаваць, а не проста хайпаваць. Мы – моладзь, якая хоча жыць у мірнай краіне, працаваць пад мірным небам, жыць на сваёй зямлі, сваім розумам.
Ад старэйшага пакалення выступіла прадстаўніца раённага савета ветэранаў Ядзвіга Гушча:
– Падніміце рукі тыя, у чыіх сем’ях жыве памяць аб вайне, у чыіх жылах цячэ кроў пераможцаў, хто ў сваім жыцці сустракаўся з ветэранамі вайны, бачыў іх вочы, разумее іх боль. Нас шмат, мы разам і мы за мірную квітнеючую Беларусь! Дзятлаўчане, 75 гадоў прайшло, як нашы дзяды і прадзеды адстаялі свабоду і незалежнасць Беларусі. Іх сёння няма на мітынгу, але душамі яны заўжды побач. Яны хочуць перадаць моладзі гэту прыгожую і незалежную краіну. Калі ласка, суайчыннікі, думайце аб тым, што мы павінны адстаяць гэту незалежнасць і падтрымаць нашу прыгожую і дастойную для жыцця краіну.
Ганарыцца сваёй краінай і берагчы яе, выйшаўшы да мікрафона, заклікала Таццяна Нікіпорчык:
– Мы сёння ганарымся, што з’яўляемся грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Цяпер настаў вырашальны момант у жыцці кожнага беларуса: мы робім свой выбар. З усіх бакоў крычаць: “Мы хочам быць шчаслівымі і свабоднымі”. А ці гэта было не шчасце кожны дзень спакойна хадзіць на работу, гадаваць дзяцей, мець дастойную зарплату, жыць пад мірным і спакойным небам. Давайце не ваяваць а дапамагаць адзін аднаму, старанна працаваць займацца сваімі справамі. Беларусы памятайце: шчасце ў нашых руках – трымайце яго моцна. Давайце абаронім і захаваем Беларусь для будучых пакаленняў.
Што за перамены нам навязваюць, паразважала ў час свайго выступлення Вікторыя Тыць:
– Хачу задаць пытанне: каму будуць патрэбны беларускія прадпрыемствы, якія за час забастовак стануць неканкурэнтаздольны на рынку? Перамены прыйдуць, але дзе будзе працаваць народ у час перамен? Нам крычаць “Жыве Беларусь”. А як яна будзе жыць, калі ўсё здабытае ў гады незалежнасці скасуюць?
У канцы свайго выступлення Вікторыя падкрэсліла:
– Сапраўдны беларускі лідар павінен у цяжкі час заставацца са сваім народам. І мы бачым, хто з намі!
– Беларусь не аддамо! – скандзіравалі мітынгуючыя, падтрымліваючы выступленні землякоў.
Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў некаторых прысутных, чаму яны прыйшлі на мітынг.
Тамара Буяк:
– Я прыйшла сюды па закліку сэрца. Кожны дзень гляджу тэлевізар і плачу за нашу Радзіму. Не дай Бог, каб Беларусь падзялілі. Мы з землякамі тут, каб гэтага не дапусціць. Як педагог, не жадаю, каб беларускія настаўнікі дзяліліся на два лагеры. У нас адзіная задача – вучыць дзяцей, рабіць гэта трэба разам, у згодзе. Крыўдна, што ў беспарадках удзельнічае моладзь. Нам трэба аб’яднацца, выхоўваць у падрастаючага пакалення патрыятызм і грамадзянскасць. Як настауніца біялогіі, я вучу дзяцей любіць усё жывое, як маці і член “Беларускага саюза жанчын” я мару, каб нашы дзеці раслі шчаслівымі на роднай зямлі. Я за мір, за Беларусь.
Аляксандр Васюкевіч:
– На мітынгу знаходжуся, каб падтрымаць мір і спакой у роднай краіне. Я не раўнадушны да лёсу Беларусі і яе народа, бо заўжды адчуваю сябе грамадзянінам нашай любімай краіны. Хачу, каб нашы дзеці, каб усе суайчыннікі жылі ў згодзе, шчасці і радасці. Сам пішу вершы, і нядаўна ў мяне нарадзіліся радкі-пажаданне маёй Беларусі:
Мне душу кранае пяшчота твая,
Твая мужнасць і праўда, самавітасць і слава.
Я табе прысягаю, Радзіма мая,
Рагвалода, Рагнеды, Скарыны дзяржава.
Ірына СТЫРНІК
Фота Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА і Ірыны СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup