Свята мёду ў Раклевічах

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У Раклевічах славілі пчол і частаваліся мёдам.

Соладка і дынамічна прайшло свята мёду ў Раклевічах. Адбылося яно акурат пасля Мядовага Спасу, які 14 жніўня адзначылі праваслаўныя хрысціяне.

У аграгарадку, на пляцоўцы перад Домам культуры, сабраліся сем’ямі мясцовыя жыхары і курортнікі, якія на лета прыехалі ў Раклевічы.

З чаго пачынаецца сапраўднае свята? Вядома, з добрай песні. Яе падарыла прысутным Ганна Харлінская і танцавальная група мясцовых пчолак пад кіраўніцтвам мядзведзя-ласуна.

Вядучыя павіталі гасцей: “Сёння ў вас ёсць магчымасць даведацца нешта новае пра мёд, пчол, паслухаць песні, пагуляць і, вядома ж, купіць сапраўдны духмяны мёд”.

Пакуль гледачы святочнага канцэрта ўладкаваліся на месцах у імправізаванай глядзельнай зале, маленькіх гасцей свята запрасілі прыняць удзел у конкурсе малюнкаў на асфальце “Пчаліны свет”.

Сярод аматараў мёду шмат доўгажыхароў, яны рэдка хварэюць, вельмі добрыя, адзначылі вядучыя. На свяце ўзгадалі імя доўгажыхаркі аграгарадка Яўгеніі Ільінічны Лайло, якой у ліпені споўніўся 101 год.

На свяце мёду хапала ўсяго для святочнага настрою. Добрыя песні дарылі яго гасцям артысты Марына Шаўчук, Вольга Іода. З канцэртнай праграмай Раклевічы наведаў народны ансамбль народнай песні “Ярыца” з Мастоў. Парадаваў народнымі напевамі і вясёлымі аўтэнтычнымі забавамі наш тэатр-студыя гульні “Суседзі”, які сёлета адзначыў 30-годдзе існавання.

Да свята мёду быў прымеркаваны турнір па валейболе сярод аматарскіх каманд. Яго пераможцай стала каманда “Моладзь”, другое месца ў зборнай “Дружба”, пачэсная бронза за ветэранамі турніру – камандай “Добрыя малайцы”.

Таксама на святочнай сцэне былі падведзены вынікі ліпеньскага конкурсу дзіцячых малюнкаў “Рознакаляровы свет”. Дыпломам першай ступені былі ўзнагароджаны Анастасія Іовец і Анастасія Лях за сумесны малюнак, другое месца падзялілі Арына Мельгуй і Аляксей Буры, трэцяе – у Дзіяны Мельгуй.

Свята мёду ў Раклевічах адзначылася не толькі забавамі, але і пачастункамі. Усіх жадаючых паласавацца блінцамі з духмяным мёдам запрасіла на дэгустацыю каларытная пчала. Тут жа можна было атрымаць і бясплатныя сувеніры для дзяцей. Для жадаючых набыць сабе прысмакі па гусце працавалі гандлёвыя кропкі. Традыцыйнаую выставу-продаж зладзіў раённы Цэнтр рамёстваў.

Самыя маленькія госці свята з задавальненнем асвойвалі міні-электрамабілі і батут.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup