Праменьчык сонца Віктара Шымука

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

“Чалавечая душа – праменьчык сонца” – так называецца кніга лепшых твораў паэта і празаіка Віктара Шымука (1933-1998), які быў родам з вёскі Змяёўцы Дзятлаўскага раёна.

Кнігу падрыхтавала і выдала дачка Віктара Шымука Таццяна. Кніга пабачыла свет у мінскім выдавецтве Зміцера Коласа.

Шчыра кажучы, мяне заўсёды радуе, калі сёння дзеці альбо ўнукі не забываюць сваіх бацькоў ці дзядоў-пісьменнікаў, якія некалі жылі на нашай зямлі, пісалі творы, друкаваліся, вершы і апавяданні гучалі па радыё і з экранаў тэлевізараў. Але час не стаіць на месцы. Многія творчыя людзі даўно сышлі ў нябыт, але засталіся іх творы, якія дзесяцігоддзямі не перавыдаюцца і не друкуюцца. І гэта адказнасць у першую чаргу кладзецца на родных людзей, якія павінны вяртаць літаратурную спадчыну сваіх блізкіх таленавітых людзей з небыцця. І прыклад гэтаму – Таццяна Шымук, якая за ўласны кошт выдала літаратурную спадчыну свайго бацькі.

“Чалавечая душа – праменьчык сонца” – ладны на 433 старонках том. Ён пачынаецца з вершаў дзіцячай кніжачкі “Мы вясне дапамагалі”, якую аўтар трымаў у руках яшчэ ў 1962 годзе. Шчырыя, лагодныя вершы лёгка чытаюцца і запамінаюцца. І цяпер яны не страцілі сваёй пацешнасці і мілагучнасці:

Ходзіць бусел па балоце,

Жаб ён ловіць у чароце,

А то квакаюць, крычаць,

Не даюць Ірынцы спаць.

У 1964 годзе Віктар Шымук выдаў цудоўную кніжку “Дочкі сіняга Нёмана”, якая складаецца з вершаў-прысвячэнняў рачулкам-прытокам славутай ракі Нёман: Лоша, Тур’я, Уша, Беразіна, Чапулька, Дзітва, Моўчадзь, Лебяда, Шчара, Ельня, Рось, Свіслач, Турчанка, Котра, Чорная Ганьча. Віктар Шымук планаваў нават перавыдаць гэты зборнік з новымі вершамі. Складальніца кнігі ўключыла і гэтыя вершы, якія не трапілі ў кніжачку “Дочкі сіняга Нёмана”. А гэта радкі пра Івенку, Дзятлаўку, Вязаўку, Сулу, Зазульку, Жацераўку і Пад’яварку.

Далей у аднатомніку надрукаваны вершы паэта з кніг “Свіцязянскія хвалі”, “Світанне”, “Святло красавіцкіх бяроз”, “Спелы жнівень”. Тэматыка вершаў самая разнастайная: ад людзей працы і подзвігу да ўнутранага свету сучасніка, прыроды роднага краю. Лірызм многіх вершаў паэта прыцягваў увагу кампазітараў, якія напісалі шмат песень на яго словы.

Добра чытаюцца і сёння вянок санетаў “Хлеб”, паэмы “Каля Броннай гары” пра партызана Міколу Гойшыка, і паэма, прысвечаная Максіму Багдановічу – “Сцежкі паэта” .

Шмат паэтычных радкоў Віктар Шымук прысвяціў роднай Дзятлаўшчыне. Гэта адзіны паэт, які так шчыра апеў Дзятлаўскі край і яго людзей, прыроду, падзеі. У гэтых шматлікіх строфах знайшлі сабе прытулак пяшчотныя і гордыя, шчырыя і зманлівыя, суцяшальныя і бунтоўныя, вольныя, са звонкімі ўсплёскамі радасці і самотнымі перакатамі журбы непаўторныя мелодыі паэтавай душы, які любіў сваю маленькую радзіму і тут, на гарадскіх могілках Дзятлава, знайшоў свой апошні спачын. Светла, лёгка і проста пісаў паэт пра вёскі, рэчкі і людзей дзятлаўскай зямлі. Вось некалькі строфаў:

***

Чутны над хатамі

Песні вясельныя.

Мы родам з Дзятлава

І з Наваельні.

***

Мая Дзятлаўка-рэчка,

Мілы сэрцу куток.

Рад я нашай сустрэчы.

Добры дзень, ручаёк!

***

За ракой, за Маўчадкай,

Дзе лясы і лугі, —

Наша родная хатка,

Мой куток дарагі…

Віктар Шымук любіў пісаць гумарыстычныя творы. Друкаваў ён іх у газетах “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, у “Сельскай газеце”, у часопісе “Вожык”. А ў 1983 годзе выйшла з друку яго кніжка гумарыстычных твораў “Ад хаты да хаты…”. Гумарыстычныя творы ўвайшлі і ў новую кнігу аўтара.  А такія радкі запамінаюцца адразу:

-І што ты тут

Разлёгся на зямлі?

-Ўзяў вось на траіх

А двое – не прыйшлі…

Асобнае месца ў кнізе Віктара Шымука “Чалавечая душа – праменьчык сонца” займае проза. Сярод іх – нарысы, прысвечаныя вайне. Але з вялікай радасцю і захапленнем чытаюцца сёння яго жыццёвыя навелы, якія некалі друкаваліся ў часопісе”Маладосць”. Асабліва яны цікавыя тым, хто ведаў людзей, ці іх сваякоў, пра якіх згадвае аўтар. Пачынаюцца жыццёвыя гісторыі з навелы “Каб выйшла раёнка…”. Аўтар прыгадвае: “Свой працоўны шлях я пачынаў у Дзятлаве, на Гродзеншчыне, у раённай газеце “За новую вёску”. Гэта быў 1949 год. Газета выходзіла двухпалоскай, тыражом тысячу экземпляраў. Штат рэдакцыі складаўся з трох чалавек. Рэдактарам працаваў Рыгор Баярын, адказным сакратаром я, бухгалтарам – Віктар Лябецкі.

Першы час памяшканне пад рэдакцыю было не вельмі падрыхтаванае, друкавалі газету пры лямпе, на “амерыканцы”. Гэта такая машына, якую трэба было круціць за ручку, як у сячкарні. Друкавалі спачатку на адным баку аркуша паперы, а потым – на другім.

Сто экзэмпляраў пракручваў рэдактар, сто – я, сто – бухгалтар. Потым зноў мяняліся. Лісты ў машыну падавала работніца друкарні Каця Бараненка. І так – пакуль не заканчвалі друкаваць увесь тыраж. Пасля, узяўшы ўвесь выпуск пад паху, я нёс газету на пошту, у аддзел “Саюздруку”, якім у той час кіравала Вольга Родзіна…”.

Ёсць успамін у кнізе і пра родную вёску Змяёўцы.З вялікай любоўю, пяшчотай і светласцю аўтар прыгадвае дзядзьку Рафала – адзінокага вясковага бабыля, Фабіянаву гару, Міхася Пацэлю, які прадаваў у Наваельні яблыкі, і іншых землякоў і родныя мясціны.

Змешчаны ў кнізе і некалькі згадак пра Віктара Шымука. Гэта згадкі пісьменніка Васіля Макарэвіча і журналіста “Беларускай нівы” Віктара Леганькова. “У творчым здабытку Віктара Шымука маюцца сапраўдныя паэтычныя знаходкі і адкрыцці… У паставе і паводзінах Віктара Шымука мелася нешта шляхетнае, выкшталцонае…Ён меў прыроджаны талент гумарыста… “, — такімі эпітэтамі надзяліў Васіль Макарэвіч пісьменніка з Дзятлаўшчыны. А выхад кнігі “Чалавечая душа – праменьчык сонца” – гэта даніна яго светлай памяці.

Прэзентацыя кнігі Віктара Шымука адбудзецца ў вёсцы Зачэпічы 22 жніўня падчас Гродзенскага абласнога свята беларускай паэзіі. Кнігу прэзентаваць будзе дачка Віктара Шымука Таццяна Шымук, якая не толькі яе прэзентуе, але і бясплатна падорыць выданне ўсім бібліятэкам і школам Дзятлаўшчыны.

Сяргей ЧЫГРЫН

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup