Карэспандэнты газеты наведалі аграгарадок Жукоўшчына, дзе размешчаны ўчастак для галасавання № 14, і пацікавіліся, як ідзе датэрміновае галасаванне, чаму вяскоўцы галасуюць датэрмінова?
Участак размяшчаецца ў будынку Жукоўшчынскага дома культуры. Літаральна на ўваходзе сустрэлі сям’ю. Пазнаёміліся: Марыя Іванаўна і Віктар Вітольдавіч Кліманты. А маленькі хлопчык разам з імі – унук Уладзік.
– Мы прыехалі з вёскі Погіры, – кажа Марыя Іванаўна. – Прагаласуем датэрмінова, паколькі ў нядзелю прыедзе сын з Мінска і будзе шмат неадкладных справаў.
Гэтая сям’я пераехала ў Беларусь з Літвы. Марыя Іванаўна працуе сацыяльным работнікам, а Віктар Вітольдавіч – у Погірскім клубе. Пераезд надарыўся шмат гадоў таму. Сям’я прыжылася: тут выраслі дзеці, тут прычакалі ўнукаў, і ўсе лічаць Клімантаў мясцовымі, нібы жылі тут усё жыццё.
Тамара Аляксандраўна Гайдукевіч на датэрміновае галасаванне прыехала з вёскі Зачэпічы. Яна ўжо на пенсіі, але клопатаў у вёсцы летам шмат. Была ў Жукоўшчыне па справах і наведалася на датэрміновае галасаванне.
Іван Венскі – жыхар мясцовы, з Жукоўшчыны. Шмат гадоў адпрацаваў у Жукоўшчынскім доме культуры. Яго ведаем па шматлікіх выступленнях на раённай і мясцовай сцэне.
– У нядзелю буду працаваць, – адказвае Іван Леанідавіч на наша пытанне: чаму галасуеце датэрмінова?
Як паведаміла нам старшыня ўчастковай камісіі Алена Лявонцьеўна Свіб, за чатыры дні датэрміновага галасавання прагаласавалі 243 чалавекі.
Усяго ў спісах на галасаванне – 689 чалавек. Для трох жыхароў сельсавета – Кірыла Дудкіна, Эрнэста Айрапетава і Данііла Штэйзеля – гэтыя выбары першыя. Данііл ужо прагаласаваў.
На ўчастак паступілі 9 заявак з просьбай у асноўны дзень выбараў прагаласаваць надаму. Члены ўчастковай камісіі наведаюць Алёхнавічы, Зачэпічы, Вусце, Бандары, Нясілавічы.
У дзень нашага наведвання за ходам галасавання сачылі назіральнікі ад грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын” і “БРСМ”, а таксама раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі.
Ганна Скрундзь
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup