Мастакі роднай зямлі

Важнае Культура і адпачынак

Выстава выяўленчага мастацтва пад такой назвай адкрылася ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

У адной арт-прасторы былі сабраныя палотны чатырох нашых землякоў – прафесіяналаў і аматараў.

У выставачнай зале сабраліся людзі, неабыякавыя да мастацтва. Прысутных павітала дырэктар музея Вольга Цюшляева.

Зусім новыя, сёлетнія работы прадставілі на выставе браты Юрый і Іван Козелы. Натхненне наведала іх у роднай вёсцы Гнаінскія, дзе з пачатку 2020 года нарадзіўся цэлы цыкл палотнаў, напісаных з натуры і прысвечаных малой радзіме. Пераважна гэта пейзажы ў стылі рэалізм, напісаныя алеем на халсце. Сярод іх выбіваецца па жанры і стылістыцы партрэт аўтарства Юрыя Козела пад назвай “Міша. Юны музыкант”.

Іван Козел заўважыў, што яны часта бываюць на сваёй малой радзіме. Практычна штогод ладзяцца іх выставы ў Дзятлаўскім музеі. І кожны раз погляд мастака знаходзіць у родным краі нешта новае, захапляльнае, што варта адлюстравання на палатне. Так, дзякуючы дапамозе Валерыя Петрыкевіча, мастак патрапіў на радзіму Ігната Дварчаніна, 125-годдзе з дня нараджэння каторага сёлета адзначаецца на Дзятлаўшчыне. Ён намаляваў родны дом нашага славутага земляка і вуліцу, на якой жыў.

Важнае месца на выставе занялі работы мастака-капііста Валерыя Грышука. У адрозненне ад сваіх калег, ён малюе карціны алеем не на халсце, а на лістах ДВП. Ураджэнец Дзятлава, ён атрымаў мастацкую адукацыю ў Мірскім вучылішчы. Працаваў настаўнікам малявання ў школе, мастаком у санаторыі “Радон” і райспажыўтаварыстве. З 2006 года Валерый Анатольевіч жыве ў Гродне і таксама працуе мастаком на механічным заводзе.

– Карціны, прадстаўленыя на выставе, цёплыя, быццам кадры з дзяцінства. Яны выклікаюць светлае пачуццё настальгіі, – адзначыла наведвальніца выставы Таццяна Калашнікава.

Яна прынесла з сабой карціну “Дэльфіны”, якую іх сям’і падарыў мастак Валерый Грышук.

На выставе прадстаўлены карціны самадзейнага мастака Антона Семерніка. Ураджэнец Навасёлак, а цяпер сталы жыхар Дзятлава, ён не імкнуўся звязаць сваё жыццё з мастацтвам. Пасля вучобы працаваў мантажнікам-высотнікам у райспажыўкааперацыі, навучаў вадзіцеляў у школе ДТСААФ. Аднак з 1985 года ўладкаваўся мастаком-афармляльнікам у Дзятлаўскі быткамбінат і больш не выпускаў з рукі пэндзаль. З пачатку новага стагоддзя ён працуе маляром у дарожна-эксплуатацыйным упраўленні, а ў вольны час малюе ў тэхніцы рэалізму пейзажы алеем на халсце. Як адзначыў Антон Антонавіч, музай і натхняльніцай для яго з’яўляецца жонка Тамара.

Па словах педагога Дзятлаўскай школы мастацтваў Жанны Лукашэня, такія выставы – каштоўны вопыт для іх навучэнцаў, якія сталі на сцяжынку да выяўленчага мастацтва. Яна запэўніла, што наведае выставу разам са сваімі вучнямі.

Усе жадаючыя дакрануцца да прыгожага і пазнаёміцца з палотнамі мастакоў нашай роднай зямлі могуць гэта зрабіць у часы працы музея да 15 верасня.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup