“Мама, тата, я – футбольная сям’я”

Галоўнае Свежыя навіны Спорт і турызм

30 жніўня на Дзятлаўшчыне прайшоў футбольны фестываль сярод дзяцей і бацькоў “Мама, тата, я – футбольная сям’я”.

Спартыўныя спаборніцтвы па міні-футболе праходзілі адначасова на некалькіх пляцоўках гарадскога стадыёна “Колас”.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” пры падтрымцы Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, раённага камітэта ГА “БРСМ”.

У футбольным фестывалі прынялі ўдзел больш за пяцьдзясят сем’яў з трох рэгіёнаў вобласці. Гасцямі Дзятлаўскага раёна ў гэты дзень сталі сем’і са Слонімскага і Шчучынскага раёнаў, горада Гродна.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў футбольнага свята звярнуліся рэгіянальны менеджар па масавым футболе Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” па Гродзенскай вобласці Яўген Юцэвіч, начальнік аддзела масавага футбола Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Віталь Валасюк, дырэктар Дзятлаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка, дырэктар Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Лагута, трэнер-выкладчык па футболе Уладзімір Ганчар, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Варта адзначыць, што Уладзімір Ганчар з’яўляецца рэгіянальным лідарам Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. Менавіта ён быў ініцыятарам правядзення фестывалю “Мама, тата, я – футбольная сям’я” на Дзятлаўшчыне.

Для гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства выхаванцы Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы правялі паказальныя выступленні па лёгкай і цяжкая атлетыцы, футболе і грэка-рымская барацьбе.

Менавіта па гэтых спартыўных напрамках кваліфікаваныя трэнеры рыхтуюць будучых алімпійцаў. Набор у дзіцяча-юнацкую спартыўную школу ажыццяўляецца з 1 верасня 2020 года, а ўжо 5 верасня адбудзецца дзень адчыненых дзвярэй.

У рамках фестывалю былі праведзены міні-турніры па футболе ў шасці групах: сярод мам, тат, а таксама дзяцей ва ўзросце 5-7, 8-10, 11-13 і 14-17 гадоў.

Футбольны фестываль праходзіў весела і актыўна. На працягу ўсяго мерапрыемства дзеці і бацькі падтрымлівалі адзін аднаго.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі фестывалю.

Ірына Ступчык:

– Мне ўсё вельмі спадабалася. Ужо другі год усёй сям’ёй прымаем удзел у гэтым фестывалі. Мерапрыемства арганізавана на вышэйшым узроўні. Мой малодшы сын займаецца спортам, бацька вядзе ўрокі фізкультуры ў школе – я не павінна адставаць ад сваіх мужчын і імкнуся падтрымліваць іх ва ўсім.

Святлана і Алег Урбан:

– Мы ведалі, што нават пры дрэнным надвор’і свята адбудзецца. Гэтая падзея вельмі важная для нашай сям’і. Фестываль – гэта не проста спартыўнае мерапрыемства, гэта магчымасць больш часу пабыць са сваімі дзецьмі.

Сярод  дзіцячых каманд ва ўзроставай катэгорыі ад 5 да 7 гадоў пераможцай стала каманда “Снегавікі”, другое месца – у каманды “Памідоры”, трэцяй прызнана каманда “Кураняты”.

Сярод  дзіцячых каманд ва ўзроставай катэгорыі ад 8 да 10 гадоў пераможцай прызнана каманда “Памідоры”, другое месца і сярэбраныя медалі – у каманды “Перцы”, трэцяй стала каманда “Кіты”.

Ва ўзроставай катэгорыі 11-13 гадоў пераможцай стала каманда “Памідоры”, сярэбраная перамога – у каманды “Кіты”, уладальнікам бронзавай перамогі стала каманда “Перцы”.

У старэйшай узроставай групе сярод юнакоў і дзяўчат 14-17 гадоў пераможцай стала каманда “Перцы”, сярэбраная перамога – у каманды “Памідоры”.

Сярод татаў пераможцай стала каманда “Кіты”, другое месца – у каманды “Цімураўцы”, бронзавая перамога – у каманды “Арлы”.

Сярод мам пераможцай стала каманда “Венера”, другое месца – у каманды “Марачкі”, трэцяй прызнана каманда “Кіты”.

Пераможцамі і ўладальнікамі залатога Кубка фестывалю прызнана сям’я Андрэя і Дзіяны Кашко, сярэбранымі прызёрамі стала сям’я Аляксандра і Святланы Белавус, бронзавы кубак і трэцяе месца – у сям’і Віктара і Таццяны Пышко.

Акрамя гэтага, сем’і атрымалі каштоўныя падарункі ад Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ”. Спецыяльнымі прызамі адзначаны Анастасія Ломаць, Павел Герус, Арсень Добыш і Максім Юруць.

Па выніках фестывалю сем’і-прызёры атрымаюць права прадставіць вобласць і выступіць у фінале рэспубліканскіх аднайменных спаборніцтваў, якія пройдуць у Мінску.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup