Вёсачкі ў раёне пушчы Ліпічанскай літаральна пранізаны гісторыяй.
Гэты лясны край неаднаразова абараняў сваіх жыхароў ад іншаземных захопнікаў, быў ім надзейным прытулкам і кармільцам. Сэрцам прыкіпела да вёсак Малая Воля і Руда Яварская наша зямлячка Галіна Міхайлаўна Юшкевіч (у дзявоцтве Альховік). Першая вёска была ёй роднай калыскай, другая – месцам, дзе праходзіла сталае жыццё і значная частка працоўнай дзейнасці.
Падворак Галіны Юшкевіч сярод іншых вясковых падворкаў вылучаюць шматлікія клумбы, па-майстэрску аздобленыя камянямі і рэчамі ранейшага сялянскага побыту. Брамку адкрывае гаспадыня, і літаральна адразу ў нас завязваецца цікавая размова. Галіна Міхайлаўна – чалавек рознабаковы, мае шмат захапленняў і ў кожным з іх стараецца дайсці да ўзроўню майстра.
З адбіткам следа дагістарычнай птушкі
Кветкі, камяні і дрэвы на падворку Галіны Юшкевіч – спалучэнне не выпадковае. Усё гэта захапленні гаспадыні. У калекцыі раслін ёсць сасна гімалайская, мясцовыя сасёнкі, ляшчына, грэцкі арэх, пладовыя дрэвы і кусты, любімцы гаспадыні ружы, бадан, тыбецкая мята, эшольцы, лілеі, кавыль. Любуючыся стракатым разнаквеццем, адразу і не заўважаеш адметнасцяў камянёў, а зацікавіцца ёсць чым. Самы яркі экзэмпляр калекцыі – камень з адбіткам следа дагістарычнай птушкі. Цяпер цікавай знаходкай Галіны Міхайлаўны могуць любавацца вяскоўцы і госці, што завітваюць у Руду Яварскую. Сярод камянёў калекцыянеркі ёсць маленькія і вялікія: гэта вапнякі з застылымі марскімі арганізамамі, кавалачкі балотнай руды, крамяні з цікавымі ўзорамі, кавалачкі шкла са слядамі шчыпцоў майстра, глазіраваныя рэшткі кафлі. Галіна Юшкевіч упэўнена, што не толькі ў Гуце, але і ў ваколіцах Руды Яварскай была шкладуўная мануфактура, аб чым сведчыць вялікая колькасць цікавых знаходак. Таксама тут хутчэй за ўсё выраблялі дарагую глазіраваную пячную кафлю.
Мядовыя песні пчолаў
Па “музеі пад адкрытым небам”, акрамя нас, вандруюць працаўніцы-пчолкі. Гэта гадаванцы Галіны Міхайлаўны і яшчэ адно яе захапленне. Цяжка гудуць яны, вяртаючыся ў вуллі і калоды, якія знаходзяцца на заднім двары.
– Пойдзем, пакажу маю самую населеную гаспадарку, – запрашае жанчына. – З дзяцінства марыла разводзіць пчолаў, а пасля выхаду на пенсію змагла рэалізаваць сваю задумку. Мае продкі па бацькавай лініі былі пчалярамі, таму першыя два вуллі я забрала з дзедавай пасекі, апошнія – змайстравала і пафарбавала сама. У доглядзе пчолак хіміі не выкарыстоўваю – толькі народныя сродкі: ад абкурвання вулляў да варкі сіропу на зіму. Таму і мёд у маіх працаўніц духмяны і смачны. Пчолы ў мяне мясцовай лясной пароды, хоць па колеры раі адрозніваюцца адзін ад аднаго, але па-характары яны дружалюбныя.
У гасціннасці пчол мы ўпэўніліся, пабыўшы на пасецы. Маленькія працаўніцы дазволілі сфатаграфаваць свае хаткі і сябе за работай, палюбавацца на майстэрства рук пчаляркі. Здзіўляцца тут ёсць чаму: кожны вулей – аўтарскі шэдэўр, малюнкі на іх не паўтараюцца. Мне, напрыклад, пчаліныя хаткі нагадалі шафікі ў дзіцячым садку.
Унучка Сонечка, якой ідзе чацвёрты гадок, у час візітаў да бабулі абавязкова наведвае пасеку, сама носіць ваду для пчолак і не плача ад іх выпадковых “пацалункаў”.
Магілы не павінны зарастаць лесам
Бацька Галіны Юшкевіч – Міхаіл Юр’евіч Альховік у час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам, таму і праз шмат гадоў пасля яе заканчэння ў бацькоўскую хату прыязджалі былыя партызанскія камандзіры, якія ваявалі ў пушчы Ліпічанскай. Сумнай спадчынай вайны для сям’і Альховікаў стала партызанскае пахаванне.
Міхаіл і яго дачка Галіна доўгі час клапаціліся аб магіле партызанскага доктара і камандзіра Ёскеля Атласа, які вырытаваў сотні людскіх жыццяў.
Загінуў Ёскель Атлас у снежні 1942 года. Ён быў смяротна паранены ў баі каля вёскі Вялікая Воля, некаторы час знаходзіўся ў адной з малавольскіх хат, але партызаны пабаяліся пакідаць яго там. Памёр доктар у лесе на руках баявых сяброў. Каб месца яго пахавання было прыкметным, партызаны выбралі яго сярод трох елак. Сведкам пахавання быў Міхаіл Альховік, які пазней расказаў гісторыю Ёскеля Атласа дачцэ Галіне, а перад смерцю папрасіў яе знайсці родных загінулага. Менавіта пасля звароту Галіны Міхайлаўны ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна пачаліся пошукавыя работы, а ў 2008 годзе з удзелам равіна адбылося перапахаванне астанкаў Ёскеля Атласа на яўрэйскіх могілках у Дзятлаве.
– Магілы герояў вайны не павінны зарастаць, а памяць аб іх трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне, – разважае Галіна Юшкевіч. – У партызанаў быў яшчэ адзін доктар Маркус Шлёма. Яго мы таксама шукалі. Па архіўных звестках, магіла Маркуса знаходзіцца ў пушчы Ліпічанскай, каля хутара Русіна. Кажуць, ён загінуў яшчэ з адным партызанам. Сёлета на Дзятлаўшчыну прыязджае пошукавы атрад. Мы з краязнаўцамі правяраем звесткі, якія захаваліся. Будзем спадзявацца, што ўдасца адкрыць яшчэ некалькі невядомых старонак гісторыі малой радзімы.
Галіна Юшкевіч шчыра любіць сваю старонку. Узгадвае, якой вялікай Руда Яварская была, калі з’яўлялася цэнтрам сельскага савета і гаспадаркі. Тут працавалі бальніца, аптэка, школа, паштовае аддзяленне, клуб, было шмат моладзі. Трынаццаць гадоў у клубе адпрацавала і сама Галіна Міхайлаўна. Вельмі папулярнымі, па словах жанчыны, былі мясцовыя дыскатэкі, куды моладзь ездзіла нават з Казлоўшчыны, весела ў вёсцы праходзілі святы.
– Хочацца, каб людзі не цураліся сваіх каранёў, каб жылі і прыгажэлі нашы вёскі, – разважае Галіна Юшкевіч. – Зямля любіць гаспадароў і шчыра захоўвае для іх як гісторыю продкаў, так і свае прыродныя багацці.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup