Канцэрты на выбарчых участках

Важнае Культура і адпачынак

У асноўны дзень галасавання на выбарах Прэзідэнта культурныя праграмы з канцэртамі на свежым паветры праходзяць на выбарчых участках Дзятлаўшчыны.

Іх падрыхтавалі работнікі культуры і самадзейныя артысты раёна.

Графік канцэртаў распрацаваны так, каб заспець большую колькасць выбаршчыкаў і падарыць ім добры настрой. Таксама працуе выязны гандаль.

На ўчастку для галасавання № 15, што размешчаны ў будынку Казлоўшчынскага сельвыканкама, у 11 гадзін канцэрт “Мой родны край завецца Беларуссю” зладзілі работнікі мясцовага Дома культуры і ўдзельнікі народнага ансамбля песні “Зараначка”. Гучалі музычныя творы ў выкананні Марыны Міхалоўскай, Наталлі Каўцэвіч, Зоі Калодзіч, Алесі Варабей, Марыны Герасімовіч, Таццяны Фанцішчык і самага юнага самадзейнага артыста – Арсенія Лішыка. Дружнымі апладысментамі выступоўцаў падтрымлівалі гледачы, большасць з якіх сабралася ў цяньку пад дрэвамі і на лаўках. Беларускія напевы і сучасныя матывы падарылі людзям добры настрой.

Затым артысты накіраваліся на ўчасткі ў Лявонавічы і Войневічы, каб і там праспяваць для выбаршчыкаў песні.

На пляцоўцы каля Вензавецкай школы (гэта ўчастак № 1 у аграгарадку Вензавец) з праграмай “Беларусь – мой край родны” выбаршчыкаў віталі мясцовыя артысты і сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Выступленнямі гледачоў парадавалі Чэслаў Свіб, Вольга Кузьма, Ганна Харлінская, Марына Варган. Затым яны таксама накіраваліся дарыць добры настрой на іншыя выбарчыя ўчасткі.

Святочную праграму “І ў песні, і ў сэрцы – мая Беларусь” для жыхароў райцэнтра падрыхтаваў аддзел па арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. З раніцы артысты ўжо пабылі на іншых выбарчых участках горада Дзятлава і апошняе, пятае за дзень, іх выступленне праходзіла ў гімназіі № 1 на участку для галасавання № 9.

Свае найлепшыя пажаданні і вясёлыя песні ў гэты дзень дзятлаўчанам дарылі Аляксандр Раеўскі, Таццяна Шостка, Наталля Маліноўская, Вікторыя Кончык, Вольга Іода, Ала Чарняўская, Таццяна Дудкіна.

Для выбаршчыкаў у Белагурне артысты Дварэцкага дома культуры зладзілі канцэртную праграму. Песні паспявалі Людміла і Аляксандр Баклушыны, Святлана Венская.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: