Што такое “імперыял”? Гэта вельмі добры сорт рапсу беларускай селекцыі.
Сябе ён выдатна зарэкамендаваў на палетках ААТ “Граніт-Агра”. А даведаліся мы пра гэта, паразмаўляўшы з галоўным аграномам гэтага сельгаставарыства Юрыем Бортнікам.
Вырошчванню рапсу ў гаспадарцы надаюць асаблівую ўвагу: культура прыбытковая, ёсць попыт на насенне. Сёлета, да прыкладу на перапрацоўчыя прадпрыемствы ААТ “Граніт-Агра” павінен быў паставіць 645 тон рапсу. З заданнем паспяхова справіліся і нават яго перавыканалі.
Сёлетнім ураджаем гэтай культуры, па словах Юрыя Бортніка, у гаспадарцы задаволены. Кожны з 400 гектараў даў у сярэднім па 49,8 цэнтнера. Добра ўрадзіў на толькі “імперыял”, а і іншыя сарты. Гаспадарка вырошчвае пераважна гібрыды. Апрабавалі, напрыклад, новы нізкарослы гібрыд “сеакс”. Вырошчваюць “рохан”, “торэс”, “атора”.
У сельгаставарыстве пасяўныя плошчы пад рапс павялічылі на 100 гектараў: замест 400 будуць засяваць 500. “Граніт-Агра”, захоўваючы аптымальныя тэрміны, засеяў ужо 240 гектараў і актыўна працягвае сяўбу.
На сяўбе рапсу цяпер у гаспадарцы працуюць два вопытныя механізатары – Андрэй Пейдзік і Аляксей Лашкоўскі.
Андрэя мы сустрэлі на 75-гектарным палетку непадалёку ад вёскі Таркачы. Ён літаральна на некалькі хвілін прыпыніў свой магутны “Джон Дзір” для фота і каб адказаць на некалькі нашых пытанняў.
Механізатарам у гаспадарцы Андрэй працуе ўжо 17 гадоў. Яго клопат – апрацоўка глебы і сяўба. Пачаў, можна сказаць, гэты новы сельскагаспадарчы сезон з сяўбы рапсу. На чарзе – азімыя зерневыя. За дзень Андрэй паспявае пасеяць да 40 гектараў. Яго працоўны час заканчваецца на змярканні. Паесці механізатару, як і ўсім занятым на палявых работах, прывозяць у поле.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак падчас нашага “рэйду” па сяўбе рапсу пацікавіўся аплатай працы, як стымулюецца работа сейбіта, ці смачна кормяць. Нараканняў Андрэй не меў. Сяўба, жніво, корманарыхтоўка – гэта якраз той час, калі зарабіць можна належным чынам. А кормяць абедамі добра, ёсць і падвячорак.
Праўда, адно нараканне ў Андрэя ўсё ж было: на нябесную канцылярыю. Катастрафічна не хапае вільгаці. Дождж вельмі патрэбен!
Да 20 жніўня ААТ “Граніт-Агра” мяркуе поўнасцю справіцца з сяўбой рапсу. Пашлі, Божа, на палеткі добрыя дажджы, каб яны зазелянелі!
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup