Бульбачка-беларусачка завітала ў Хвінявічы

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У рамках раённага праекта Дзятлаўшчыны “Дбайных людзей славім – весела час бавім” у аграгарадку Хвінявічы прайшло Свята бульбы.                                                                                                   

Свята, прысвечанае “другому хлебу” беларусаў, зладзілі работнікі мясцовага сельскага клуба і раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Пачалася праграма з харэаграфічнай пастаноўкі. Пад вясёлую музыку на сцэну завіталі гаспадыні-суседачкі ў нацыянальным убранстве. Яны павіталі гасцей свята, пажадалі дабрыні, бадзёрага настрою, ветлівых усмешак.

Са шчырымі словамі прывітанняў і віншаванняў звярнуўся да землякоў і гасцей свята старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка. Ён пажадаў вяскоўцам мець штогод багатыя ўраджаі “другога беларускага хлеба”, а ў час святочнага мерапрыемства – добра адпачыць ад штодзённых клопатаў, таксама пажадаў добрага настрою, актыўнага адпачынку, удзельнікам спартыўных спаборніцтваў – удачы, спрыту, хуткасці і доўгачаканых перамог.

Павіталі жыхароў аграгарадка Хвінявічы і гасцей свята старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Кацярына Хілімончык. Яны пажадалі ўсім прысутным вясёлага адпачыну, пазітыўных эмоцый, удзельнікам  спаборніцтваў – адвагі, спрыту, правесці час актыўна, весела і з карысцю, мацнейшым – перамогі.

Пекная паненачка, шэрая сукеначка, зялёная хустачка – на святочную пляцоўку з нізкім паклонам хутка завітала віноўніца свята – Бульбачка-беларусачка. Яна павіншавала гасцей святочнага мерапрыемста, падзякавала за пашану і запрасіла ўдзельнікаў свята весяліцца, спяваць, танцаваць.

Дзятве гераіня святочнай праграмы прапанавала прыняць удзел у конкурсе малюнкаў на асфальце пад назвай “Чароўная бульбачка”.

Выклікала шчырае захапленне і ў дзятвы, і ў дарослых прадстаўленне ў выкананні артыстаў Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пад назвай “Гасцёўня БульбаЁсціка”.

У час свята ладзілася дэгустацыя бліноў і іншых традыцыйных страваў, выстава творчых работ навучэнцаў, супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі арганізавалі ваставу часопісаў з рэцэптамі страваў з бульбы.

Пастараліся арганізатары свята і для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства: працавалі надзіманыя горкі, батуты, цір, карусель, рознакаляровы “Color Fest”.

Хутка на старт паклікаў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2018”, які штогод ладзіцца пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Удзел у спартыўных спаборніцтвах прынялі чатыры сям’і: сям’я Абражэй з вёскі Гірычы, сям’і Санцэвіч і Муха з Хвінявічаў, сям’я Качмарык з Вензаўца.

Пачалася спартыўная частка праграмы з удзелу ў конкурсе “Давайце пазнаёмімся”, у ходзе якога сем’і  прадставілі свае візітныя карткі і пазнаёмілі прысутных са сваімі сем’ямі, расказалі пра  лад жыцця, падзяліліся поспехамі і дасягненні, прадэманстравалі свае кулінарныя ўменні і навыкі.

Конкурсы  “Дрывасек”, “Бульба” і “Сельская эстафета” патрабавалі ад удзельнікаў сапраўднай вытрымкі, мужнасці і спрыту. Сем’і актывізавалі ўсе свае сілы, моц, прадэманстравалі ўменні і кемлівасць, спрытна дапамагалі дарослым іх дзеці.

Па выніках усіх выпрабаванняў перамогу атрымала сям’я Качмарык з Вензаўца, другое месца ў сям’і Муха, трэцяй стала сям’я Абражэй, на чацвёртым месцы – сям’я Санцэвіч.

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў раённага этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2018” стала прыемным і заключным момантам святочнай праграмы. Яны атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі. Павіншавалі пераможцаў і ўдзельнікаў спартыўных спаборніцтваў Уладзімір Казак і Кацярына Хілімончык.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *