Гавораць дзятлаўчане. Вялікі суботні канцэрт – спадабаўся

Важнае Грамадства

8 жніўня ў Дзятлаве ладзіўся вялікі суботні канцэрт з цёплай назвай “Мая любоў – мая краіна”.

Актыўны удзел у ім прынялі прадстаўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, “Беларуская федэрацыя прафсаюзаў”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Карэспандэнтка газеты “Перамога” пацікавілася ў прадстаўнікоў арганізацый пра іх уражанні.

Марына  Нячай, раённая арганізацыя ГА “БРСМ”:

– Настрой святочны. Увогуле люблю музыку, а пабыць на канцэрце, прысвечаным малой радзіме, асабліва прыемна. Мне падабаюцца беларускія песні. Іх вельмі пранікнёна выконваюць артысты Дзятлаўшчыны і наша зямлячка – салістка Гродзенскай філармоніі Ала Аўдзейчык. Здорава, што можна ў выхадны дзень прыйсці на такое мерапрыемства ўсёй сям’ёй, пабачыць выступленні бясплатна. На плошчы нямала бацькоў з дзеткамі. У малечы ёсць магчымасць пазабавіцца на гульнявых пляцоўках, у дарослых – сфатаграфавацца на памяць з роднымі і сябрамі ў фотазонах.

Станіслаў Фабішэўскі, раённае аб’яднанне прафсаюзаў:

– Канцэрт цудоўны, нездарма яго назвалі “Мая любоў – мая краіна”. Адметна, што пачаўся ён з песні “Крыніцы”. Прафсаюзы раёна выказалі ідэю акультурыць на Дзятлаўшчыне некалькі крынічак. Ініцыятыву падтрымаў старшыня Беларускай федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. Ужо намечаны некалькі водных аб’ектаў для добраўпарадкавання. Сярод іх – крынічка ў Наваельні, недалёка ад дарогі, дзе плануем высадзіць дрэўцы, паставіць альтанку. Спадзяёмся, што ў нас будуць і іншыя карысныя для малой радзімы ідэі і справы. А сёння атрымліваем асалоду ад выступленняў нашых “зорачак” – артыстаў Дзятлаўшчыны і таленавітай зямлячкі Алы Аўдзейчык.

Алена Жадзейка, раённая арганізацыя ГА “БСЖ”:

– Вельмі прыемна з сяброўкамі па аб’яднанні раздзяліць радасць і пабыць на канцэрце “Мая любоў – мая краіна”. Шчыра любім беларускія песні, а тут падабраны цудоўны рэпертуар. Некаторыя музычныя творы кранаюць да слёз. У такія моманты ганарышся, што жывеш у прыгожай, утульнай і любімай краіне. Для нас Беларусь – самая лепшая, бо яна – Радзіма. Мы рады падтрымаць акцыю, якія праходзіць у рэспубліцы з удзелам грамадскіх аб’яднанняў.

Вольга Рагачова, раённая арганізацыя ГА “Белая Русь”:

– Нам з удзельнікамі аб’яднання вельмі спадабаўся канцэрт: ад  выступленняў артыстаў атрымалі асалоду. Падабраны выдатны рэпертуар песень. Упэўнена, што цікава было і дзецям. На плошчы 17 Верасня для іх працавалі пляцоўкі, але мы заўважылі, што ў час канцэрта многія дзеткі прыйшлі яго паглядзець, з задавальненнем сачылі за выступленнямі артыстаў. Атрымаўся выдатны адпачынак у выхадны дзень.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup