Актыўна праходзяць выбары ў аграгарадку Дварэц.
– Асабліва шмат людзей было з ранку, – расказвае старшыня ўчастковай камісіі Дварэцкага ўчастка для галасавання, яна ж і старшыня пярвічнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Дварэцкага сельсавета, Вераніка Фабішэўская, – але ідуць і пасля абеду. Да 16 гадзін у нас прагаласавалі ўжо амаль 91 % выбаршчыкаў. Іх на нашым участку – 852 чалавекі, з іх датэрмінова зрабілі свой выбар– 51 %.
Пяць чалавек галасавалі ўпершыню, ім на памяць аб такой важнай у жыцці падзеі падарылі календары. Былі заяўкі і на галасаванне на даму ад людзей, якія самі не могуць прыйсці на выбарчы ўчастак: у самім Дварцы іх было 24.
Увесь дзень на выбарчым участку працуе кафэ, артысты Дварэцкага дома культуры ладзілі святочны канцэрт.
Многія галасаваць прыходзілі цэлымі сем’ямі, з дзеткамі. Маладая матуля Анастасія Лагуцік прыйшла з маленькай дачушкай Амаліяй, якой хутка споўніцца адзін гадок. Дзяўчынка паводзіла сябе паслухмяна, даючы маме спакойна прагаласаваць.
– Я заўжды хаджу на выбары, – гаворыць Анастасія, – бо гэта абавязак кожнага грамадзяніна. Наша будучыня залежыць ад нас: калі мы хочам жыць дастойна, павінны быць актыўнымі. Лічу, што свой выбар я зрабіла правільна.
На выбарчым участку ў аграгарадку Белагурна да 16 гадзін таксама прагаласавала ўжо крыху больш за 91 % выбаршчыкаў. Як адзначыў старшыня ўчастковай камісіі Андрэй Добыш, яўка вельмі высокая. Усяго на гэтым участку галасуюць 329 чалавек, з іх датэрмінова прыйшлі на выбары 46,5 %. Тры чалавекі падалі заяўку на галасаванне дома.
– Людзі неабыякавыя да лёсу сваёй краіны, таму кожны ўласна хоча аддаць свой голас за кандыдата, якому давярае. На нашым участку самаму старэйшаму выбаршчыку Сцяпану Адамавічу Венскаму – 87 гадоў, і ён сам, хоць і з дзвюма палачкамі, прыйшоў на выбарчы ўчастак. Адзін малады чалавек – Дзмітрый Крупіца галасаваў у нас упершыню.
Для выбаршчыкаў у Белагурне артысты Дварэцкага дома культуры зладзілі канцэртную праграму. Песні паспявалі Людміла і Аляксандр Баклушыны, Святлана Венская.
Святлана ГРЫШЫНА
Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup