Сёлета дзятлаўчане святкуюць знакавую дату – 125-годдзе з дня нараджэння нашага слыннага земляка Ігната Дварчаніна.
У жніўні на Дзятлаўшчыне сабраліся неабыякавыя да яго дзейнасці, да беларускага слова і да сваёй Радзімы людзі, каб ушанаваць памяць творцы. У межах урачыстасці прайшло Пятае абласное свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах.
Святочны маршрут пачынаўся ў Дзятлаве, дзе па вуліцы Савецкай на гранітным пастаменце ўсталяваны бронзавы помнік Ігнату Дварчаніну, пралягаў праз яго малую радзіму – гасцінны дом у Погірах. Фінальным пунктам вандроўкі сталі Зачэпічы, зямля, якая ўзрасціла адразу трох беларускіх паэтаў – Петруся Граніта, Гарасіма Праменя і Васіля Струменя.
Адкрыў мерапрыемства і павітаў гасцей адзін з арганізатараў свята, краязнавец Валерый Петрыкевіч. Ён запрасіў да “свабоднага мікрафона” ўсіх, хто пажадаў падзяліцца сваімі думкамі і ўражаннямі пра постаць і творчасць нашага земляка. Прафесар, літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч расказаў пра Ігната Дварчаніна, яго плённую працу. Як было заўважана ў час сустрэчы, Ігнат Дварчанін займае пачэснае месца сярод сыноў жукоўшчынскай зямлі. Гэта чалавек шматбаковага таленту і выключнай эрудыцыі. Ён быў не толькі таленавітым паэтам, але і перакладчыкам, літаратуразнаўцам, публіцыстам, педагогам, выдаўцом і грамадскім дзеячам. Ён абараніў дысертацыю “Францішак Скарына як культурны дзеяч на беларускай ніве”.
Удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў скверы на вуліцы Савецкай, дзе работнікі раённай бібліятэкі, навукоўцы, сябры Таварыства беларускай мовы ўзгадалі магутную постаць Ігната Дварчаніна, яго жыццё і дзейнасць дзеля беларусаў. Выступоўцы адзначылі, што асоба і праца Ігната Дварчаніна шматбакова вывучаныя літаратуразнаўцамі, ёй прысвечана нямала артыкулаў і кніг. Тэматычную падборку падрыхтавала для прысутных раённая бібліятэка. У выкананні беларускіх бардаў прагучалі песні на вершы Ігната Дварчаніна і Петруся Граніта. Зямлячка Ігната Дварчаніна, ураджэнка Погіраў, псіхолаг, педагог, пісьменніца-песенніца Людміла Дзіцэвіч запрасіла прысутных праспяваць песню яе аўтарства пра Дзятлаўшчыну.
Госці ўрачыстасці наведалі гарадскія могілкі, дзе ўсклалі кветкі да магілы Віктара Шымука.
Дом у Погірах, дзе нарадзіўся і вырас Ігнат Дварчанін, стаў нефармальнай сядзібай-музеем яго памяці. На сцяне драўлянага дома вісіць таблічка, якая нагадвае, што тут нарадзіўся і жыў слаўны сын зямлі беларускай Ігнат. Месяц таму на вуліцы каля дома паэта быў усталяваны з нагоды юбілейнай даты памятны валун з надпісам “Радзіма Ігната Дварчаніна”.
Сёння дом Ігната Сымонавіча ў добрых творчых руках. Каля 15 гадоў тут жыве Надзея Лукашык, душэўная, гасцінная гаспадыня і самадзейная мастачка.
– У нас у сям’і ўсе малююць. А мясціны ў Погірах натхняюць на творчасць, – кажа жанчына. – Я ганаруся тым, што жыву на малой радзіме такога знакамітага чалавека, вельмі цешыць, што нашчадкі яго не забываюць. З радасцю прымаю гасцей штогадовага свята паэзіі.
У 125-годдзе Ігната Дварчаніна яго родны дом натхніў нашых знакамітых землякоў, мастакоў Івана і Юрыя Козелаў. Арганізатары юбілейных мерапрыемстваў прапанавалі навучэнцам Дзятлаўскай школы мастацтваў таксама намаляваць дом Дварчаніна так, як бачаць яго яны самі.
Да праекта далучылася і сама Надзея Іванаўна. Акрамя таго, жанчына намалявала партрэт Ігната Дварчаніна на паперы алоўкам.
Усе ўдзельнікі пленэра, які адбыўся напярэдадні сустрэчы, атрымалі падарункі ад Таварыства беларускай мовы і грамадскай кампаніі “Зробім лепш 2020”.
У Погірах да гасцей свята далучыліся мясцовыя жыхары, і сустрэча набыла лірычна-песенны лад. Прагучала нямала душэўных песень, як аўтарскіх, на вершы нашых паэтаў-землякоў, так і народных – у выкананні народнага фальклорнага калектыву вёскі Погіры.
Яркім фіналам багатага на падзеі і эмоцыі дня стала Пятае абласное свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах. Некалькі гадоў запар на радзіме паэтаў Петруся Граніта, Гарасіма Праменя і Васіля Струменя яно збірае творчых, шчырых людзей. Традыцыйна да іх далучаюцца мясцовыя жыхары і аматары паэзіі. Свята адкрылася ўжо вядомым гасцям гімнам “Зачэпічы, Зачэпічы” на вершы Сяргея Чыгрына і музыку Сяргея Чарняка.
Работніцы раённай бібліятэкі расказалі прысутным пра тых, каму прысвечана штогадовае свята паэзіі.
Паэзія Петруся Граніта заўсёды была, ёсць і будзе надзённай, зразумелай чытачу, бо яна прасякнута любоўю і шчырай павагай да чалавека-працаўніка, да роднага кутка, да матчынай мовы. Аб яго дзейнасці нагадвае жыхарам вёскі адзіная вуліца, названая ў гонар Петруся Граніта, а на хаце, дзе жыў паэт, прымацавана памятная шыльда.
Васіль Струмень – чалавек, багаты на добрыя пачуцці і шматлікіх сяброў. Аднадумцаў меў у Гродне і Лідзе, Дзятлаве і Бярозаўцы, у прынёманскай вёсцы Зачэпічы. Яму нададзены статус Ганаровага грамадзяніна Дзятлаўскага раёна.
Гарасім Прамень – заходнебеларускі дзеяч і паэт, жыў і памёр на Дзятлаўшчыне. У вершах і аўтабіяграфічных нататках Гарасіма Праменя паўстаюць карціны сялянскага, скупога на пяшчоты дзяцінства і ўжо зусім жорсткай мазольнай сталасці і барацьбы.
На працягу свята беларускія паэты і барды радавалі прысутных сваёй творчасцю. Гучалі аўтарскія вершы і песні Святланы Абдулаевай (Навагрудак), Таццяны Яцук (Баранавічы), Алы Петрушкевіч (Гродна), Міколы Канановіча (Слонім), Міхася Зізюка (Навагрудак), Зоі Кулік (Нясвіж) пра родную зямлю, пра каханне, пра матулю і нават пра каранавірус.
На свята паэзіі прыехалі жонка і дачка яшчэ аднаго вядомага дзятлаўскага паэта – Віктара Шымука. Дачка Віктара Мікалаевіча Таццяна падзялілася кранальнымі ўспамінамі пра бацьку і падарыла ўсім дзятлаўскім школам і бібліятэкам зборнік вершаў творцы, выпушчаны сёлета і прысвечаны яго памяці.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup