А на лузе коні пасуцца…

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Пабачыць табун коней, хоць і невялікі, сёння праблематычна.

На палетках іх замянілі “стальныя коні”, а ў побыце сталі часцей выкарыстоўваць мотаблокі.

А вось у КСУП “Жукоўшчына” коней утрымліваюць. Невялікі табун у 23 асобіны мы пабачылі за аграгарадком. Прыпыніліся паздымаць і пагаварыць з чалавекам, які іх даглядае. Фатаграфавацца даглядчык  адмовіўся, а расказаць пра коней быў не супраць.

Высветлілася, што коней у сельгаставарыстве гадуюць  на продаж. Ужо прадалі дзевяць.Таксама ўтрымліваюць іх для падвозу на фермы якіх-небудзь нязначных грузаў.

Непадалеку ад пашы знаходзіцца стайня, дзе працуюць пазменна два конюхі. Коні настолькі “дысцыплінаваныя”, што выпас іх нескладаны. Дысцыпліну ў табуне трымае і важак па мянушцы Нік – мажны шэры конь, да якога і падысці было страшнавата.

– Коні нашы спакойныя і  кампанейскія, – зазначыў даглядчык. – Ранкам выганям папасціся. Непадалёку ёсць азярынка, дзе могуць яны папіць, пакупацца. Праўда, цяпер авадні ды мухі даймаюць. Але ж што зробіш. Жарабяты не адыходзяць ад сваіх “матуляў”. Сёлета прыбыло іх пяцёра. Больш не чакаем. Толькі ўжо на наступны год.Жарабяты таксама пасуцца, калі-нікалі гарэзуюць, а ўвечары ўсе вяртаюцца ў стайню.

– А хто набывае ў сельгаставарыстве коней?

– Іншыя гаспадаркі, фермеры, гаспадары. Коні – гэта транспарт, які дойдзе літаральна ўсюды. Бензіну не патрабуе. А забяспечыць кармамі, калі ёсць сілы і магчымасці – сёння не  праблема. А колькі прыемных хвілін ад стасункаў з гэтай разумнай жывёлінай!

– Пэўна ёсць любімцы ў вас сярод даглядаемых коней?

– Вядома ж!  Гэта важак Нік, а яшчэ ўсе жарабяткі.

– Мы паспелі заўважыць на “конскай фотасесіі”, што ў некалькіх коней “манікюр” не надта ахайны…

– Згодзен. Капыты будзем даглядаць бліжэйшым часам. Чакаем памочнікаў.

– А колькі часу працуеце тут конюхам?

– Год, але і за гэты час навучыўся шмат чаму, спазнаў многае. Гэта цікавы вопыт.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup