З вясны да зімы – на “Ягуары”

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Больш за 20 гадоў працуе механізатарам у прыгараднай гаспадарцы, якая з 1 ліпеня мае назву “АграМілк”– сельскагаспадарчы філіял рэспубліканскага даччынага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі “Беларуснафта – Гроднааблнафтапрадукт” (былое КСУП “Русь-Агра”), Сяргей Пашукевіч.

З ранняй вясны ён заняты на ўзворванні і сяўбе, потым –  на касавіцы, а увосень – на ўборцы кукурузы.

– Вельмі талковы механізатар, адзін з нашых лепшых працаўнікоў, – зазначыў галоўны аграном “АграМілк” Андрэй Лежань. – Старанна рыхтуе Сяргей Пашукевіч свайго “Ягуара” да працоўнага сезона, а потым заняты на самых розных участках працы. Цяпер  – на корманарыхтоўцы.

На 20-гектарным палетку непадалёку ад вёскі Галаўлі, дзе добра выраслі бабова-злакавыя травы, з дзевяціметровай касой працуе Пётр Маложын, таксама вопытны і старанны механізатар.

Сёлета прадпрыемства прыдбала новы трактар “МТЗ-3522” і касу да яго “КМР-9”. Новую тэхніку даручылі Пятру, які з любым агрэгатам на “ты”.

Прыемна назіраць, як хутка кладзецца ў густыя пракосы трава. А за трактарам спяшаюцца “кантралёры”: уважліва аглядаюць і шукаюць сабе спажыву буслы. Вялікая чарада аблюбавала гэтае поле.

– Птушак не крыўдзіце? – цікаўлюся ў Пятра Іванавіча, бо надта ж шпарка бегае па полі яго “каса”.

– Ды не! Разумныя птушкі. “Тэхніку бяспекі” ведаюць, — жартуе ён у адказ.

За Пятром Маложыным здрабняе зялёную масу Сяргей Пашукевіч, а адвозкай ад “Ягуара” заняты Алег Ломаць, Іван Юркевіч, Дзмітрый Грыцко.

Кузавы трактароў і МАЗаў напаўняюцца хутка, і кіруюць яны да Пенчыцаў, дзе знаходзяцца сянажныя траншэі.

– Тут, у Пенчыцах, размешчаны пяць траншэяў, – паведаміў галоўны аграном Андрэй Лежань. – Дзве ўжо запоўнены. Кожная на 1200 – 1400 тон. На трамбоўцы трэцяй па ліку сянажнай траншэі заняты Сяргей Сасінскі.

Заробкі ў корманарыхтоўшчыкаў цяпер някепскія. Прывозяць ім і абеды, і падвячоркі. Стараюцца механізатары. “АграМілк” павінен жа быць з малаком!

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup