На прыродныя катаклізмы або пандэміі мы паўплываць не можам, што выклікае заканамерныя трывогу і страх.
Пра тое, як прыняць рэчаіснасць і жыць паўнавартасна, распавяла Вераніка Гірык, псіхіятр-нарколаг Дзятлаўскай ЦРБ:
‒ Перш за ўсё варта зразумець, што адчуваць страх, трывогу, сум і іншыя негатыўныя эмоцыі ‒ нармальна. Больш за тое: варта “дазволіць” сабе гэтыя пачуцці, навучыцца іх вызначаць і прамаўляць услых. Гэта дапаможа вызваліцца ад перажыванняў і абдумаць іх. Карысным можа аказацца вядзенне дзённіка, у якім вы будзеце дзяліцца сваімі думкамі і перажываннямі. Паспрабуйце адпрацаваць свае пачуцці творча: пішыце вершы ці апавяданні, малюйце.
Вельмі важна навучыцца фільтраваць інфармацыю, абмежаваць сябе ад непатрэбнага негатыву. Паспрабуйце адключыць апавяшчэнні на тэлефоне і адпісацца ад паштовых рассылак, зрабіўшы “інфармацыйную паўзу”. Засяродзьцеся на пазітыўных рэчах у вашым жыцці, знаёмцеся з навінамі толькі з надзейных крыніц, пазбягайце небяспечных разумовых гульняў накшталт “а што, калі …”.
Сканцэнтруйцеся на рэчах, якія вы можаце кантраляваць: асабістая гігіена, нашэнне маскі, дэзінфекцыя, мыццё рук. Гэта дапаможа адчуць сябе абароненым у адрозненні ад пастаяннага чакання навін і трывожных паведамленняў у сацыяльных сетках, якія толькі ўзмоцняць ваш неспакой. Старайцеся прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, дастаткова спаць, займацца любімымі справамі і часцей мець стасункі з блізкімі, каб напоўніць жыццё энергіяй і станоўчымі эмоцыямі.
Станьце прыкладам для вашых дзяцей: мудрым настаўнікам, які растлумачыць сітуацыю, дапаможа адчуць сябе ў бяспецы і зразумець, што адчуваць розныя эмоцыі, у тым ліку і сум ‒ нармальна.
Медыцынскім работнікам, якія апынуліся ў гэты няпросты час на перадавой, рэкамендуецца таксама не забываць аб базавых патрэбах. Знаходжанне на сувязі з сям’ёй у тым ліку зможа дапамагчы паменшыць стрэс.
Марыя ПАПОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup