Лета ў дзіцячым садку – час вясёлых гульняў, цікавых падарожжаў, незвычайных сустрэч.
Педагогі Гезгалаўскага ясляў-сада надаюць вялікую ўвагу стварэнню ўмоў для далучэння дзяцей да гісторыі, культуры, традыцый беларускага народа. Адна з такіх умоў – афармленне ценявога навеса ў выглядзе беларускай хаты. Тут і лавы з саматканымі посцілкамі, і ручнікі з нацыянальным арнаментам, і беларускі гліняны посуд. Ёсць і сапраўдныя гаспадары — бабуля Ганна і дзед Міхась, вялікія роставыя лялькі. Менавіта яны гасцінна запрасілі на “Пасядзелкі” выхаванцаў рознаўзроставай групы № 3.
У гасцях у бабулі і дзядулі дзеці пашырылі ўяўленні аб стравах беларускай кухні: даведаліся, як і з чаго гатуюць дранікі, калдуны, клёцкі, грыбны квас.
З цікавасцю слухалі дзеці аповяд бабулі аб тым, як у час яе дзяцінства, дзяўчынкі рабілі лялькі сваімі рукамі з ільну ці саломы, рознакаляровых акраўкаў тканіны. У сваю чаргу дзеці паказалі гаспадарам свае любімыя цацкі: робаты, канструктар Lego, лялькі L.О.L.
Потым выхаванцы паведамілі, што ведаюць і любяць беларускія рухомыя гульні. Яны навучылі бабулю і дзядулю гульням “Гарлачык”, “Міхасік”, “Кот і мышы”.
Але якія “Пасядзелкі” без музыкі і спеваў? Дзед Міхась узяў у рукі баян, і загучалі ў хатцы беларускія песні, зацягнуліся карагоды.
Сустрэча з бабуляй і дзядуляй атрымалася эмацыянальна насычанай, цікавай і пазнавальнай. Вось такім чынам, весела і гуляючы, у летні час нашы выхаванцы далучаюцца да нацыянальнай культурнай спадчыны. Педагогі ўпэўнены, што пры такім падыходзе да выхавання дзеці вырастуць сапраўднымі беларусамі.
Алена Лукіянец,
намеснік загадчыка Гезгалаўскага ясляў-сада
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup