Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры прадаўжае пошукі сакрэта даўгалецця.
На гэты раз яго работніцы разам з раённым саветам ветэранаў завіталі на гасцінны падворак жыхаркі горада Дзятлава Анастасіі Капцеўскай.
Яны павіншавалі жанчыну з васьмідзясятым, юбілейным днём нараджэння, пагарталі разам сямейны альбом, за кубачкам чаю паслухалі цікавы расповед пра жыццё імянінніцы.
Але найперш — падзівіліся на ўсю тую прыгажосць, якую стварыла вакол сябе неабыякавая да хараства і да людзей вялікая разумніца і няўтомная працаўніца.
Тут і кветкавае багацце, не менш разнастайнае, чым у батанічным садзе, і вышываныя карціны, падушкі, сарочкі — усё праца рук умеліцы. Кажуць, і пірагі ў гаспадыні таксама выдатныя. Але адным з найвялікшых захапленняў усяго жыцця для Анастасіі Аляксандраўны стала песня. Сёлета, акрамя асабістага, яна адзначае 20-гадовы юбілей удзелу ў раённым хоры «Ветэраны ў страі». Цікавую гісторыю жыцця Анастасіі Капцеўскай чытайце ў хуткім часе на нашым сайце і на старонках раённай газеты.
А пакуль — сакрэт даўгалецця ад імянінніцы:
— Усё жыццё была поруч з верай у Бога, штодня старалася рабіць ранішнюю гімнастыку, а яшчэ — заўжды шмат працавала.
Як адзначае Анастасія Аляксандраўна, ёй нават на заслужаным адпачынку не хапае часу хадзіць па гасцях. Але жанчына з задавальненнем прымае гасцей сама, і іх заўжды шмат. Ніхто не пакідае яе ўтульны дом без кветкі ў падарунак.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup