Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Алкаголь – корань зла

Важнае Здарэнні і бяспека

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны два адміністрацыйныя пратаколы і пастанова аб спыненні справы па адміністрацыйным правапарушэнні, прынята рашэнне аб прызнанні трох непаўналетніх з адной сям’і маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Не з бацькамі, а з інструктарам

“Мядзведжую паслугу” свайму сыну аказалі бацькі, аб чым вельмі шкадуюць. У верасні гэтага года хлопец збіраецца паступіць на курсы ў ДТСААФ, каб праз тры месяцы, калі ўжо стане паўналетнім, атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Да гэтага дарослыя вырашылі самастойна павучыць сына ваджэнню і перадалі яму руль на пустой вясковай дарозе. Вельмі хутка машыну з падлеткам за рулём спынілі дзяржаўтаінспектары. Былі складзены адміністрацыйныя пратаколы. Бацькі заплацілі штраф у памеры пяці базавых велічыняў, а рашэнне аб накладанні адміністрацыйнага спагнання на юнака прымалі члены камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама. Паколькі хлопец не мае свайго даходу, станоўча характарызуецца і раней не парушаў патрабаванняў закона, яго папярэдзілі аб недапушчэнні падобных учынкаў у далейшым. Таксама будучаму вадзіцелю патлумачылі, што вучыцца ездзіць ён можа толькі ў суправаджэнні інструктара або на закрытым аўтадроме, бліжэйшы з такіх – у Навагрудскім раёне.

Алкаголь – падлеткам не сябар

У другой гадзіне ночы ў цэнтры Дзятлава міліцыя затрымала шаснаццацігадовую мясцовую жыхарку. Медыцынскае асведчанне паказала ў яе 0,93 праміле алкаголю, што, як сцвярджаюць спецыялісты, для маладога арганізма даволі сур’ёзная ступень ап’янення. Праваахоўнікам затрыманая прызналася, што піла піва. У сваім учынку дзяўчына раскайваецца, сцвярджае, што ён стаў для яе непрыемным, але дзейсным жыццёвым урокам. Паколькі гэта першае парушэнне, члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама папярэдзілі школьніцу аб недапушчэнні падобных учынкаў. Цяпер з ёй будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Дзень нараджэння, які запомніцца

На адрас камісіі па справах непаўналетніх з горада Баранавічы, дзе вучыцца наш юны зямляк, прыйшла пастанова аб спыненні адміністрацыйнай справы.

Як высветлілася, яшчэ ў красавіку хлопец разам з сябрамі ў інтэрнаце сваёй навучальнай установы адзначаў дзень нараджэння аднакурсніка. Вясёлую кампанію засталі за накрытым сталом са спіртнымі напоямі. На свяце быў паўналетні юнак, які ўжо пакараны штрафам. У адносінах да непаўналетніх адміністрацыйныя справы спынены, паколькі яны ўжывалі алкаголь і знаходзіліся нецвярозымі ў жылым памяшканні, а не ў грамадскім месцы. Тым не менш, з кожным з маладых аматараў спіртнога, у тым ліку з нашым земляком, будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

У палоне ў “зялёнага змія”

Праблемы з алкаголем у сям’і, дзе гадуюцца трое непаўналетніх дзяцей, былі і раней, з-за чаго дзеці прызнаваліся ў сацыяльна ненадзейным становішчы, а старэйшыя двойчы былі адабраны ў бацькоў.

Тады дарослым удалося стаць на шлях выпраўлення, прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці, вярнуць непаўналетніх у сям’ю. На жаль, здаровага ладу жыцця яны прытрымліваліся нядоўга. Ужо вясной гэтага года спецыялістам службаў прафілактыкі раёна пачалі паступаць трывожныя паведамленні, што дарослыя зноў прыахвоціліся да гарэлкі. На пасяджэнні каардынацыйнага савета па выніках сацыяльнага расследавання іх дзяцей чарговы раз прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Яшчэ тады мужа і жонку папярэджвалі, што, калі не выправяцца, стануць абавязанымі асобамі. Аднак маці і бацька за розум не ўзяліся. Некалькі разоў яны дапускалі прагулы на рабоце, не адчынялі дзверы спецыялістам службаў прафілактыкі, прадаўжалі злоўжываць алкаголем. Паколькі такая сітуацыя стварыла рэальную пагрозу для жыцця і здароўя іх сына і дзвюх дачок, члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама вынеслі свой вердыкт: прызнаць дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Гэта ўжо трэцяе адабранне і, хутчэй за ўсё, на гэты раз дарослыя будуць пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Праўда, маленькі шанц на выпраўленне ў іх яшчэ ёсць. Рашэнне па такіх справах прымае суд.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup