Працаваць стала камфортней

Важнае Грамадства

Без выхадных і святаў аберагаюць наша здароўе медыцынскія работнікі Дзятлаўшчыны.

Заўсёды нехта з іх на дзяжурстве на працоўным месцы ці дома. Са свайго боку раённыя ўлады стаюцца стварыць спрыяльныя ўмовы для працы медыкаў. Якія пазітыўныя змены адбыліся на працоўных месцах у Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы за апошняе пяцігоддзе, даведаемся ў яе супрацоўнікаў.

Алена Куцко, загадчыца Дзятлаўскай раённай паліклінікі:

– Крыху больш за пяць гадоў таму прайшла агульная камп’ютарызацыя райпаліклінікі, была ўстаноўлена праграма “4-D кліент”, якая за гэты час трывала замацавалася ва ўжытку дактароў і сярэдняга медыцынскага персаналу. Магчымасці праграмы, сапраўды, вялікія: гэта і дзённікавыя запісы, выпіска электронных рэцэптаў, вядзенне статыстыкі па дыспансерызацыі, хранічных захворваннях і іншых медыцынскіх паказчыках. Па-першае, дзякуючы электроннаму ўліку, аптымізавалася работа медыкаў на прыёме ў паліклініцы. Сёння, калі чалавек прыходзіць да доктара, той можа, не выходзячы з кабінета, даведацца аб ім усё: ад вынікаў лабараторных даследаванняў і дыягностык – да наведвання вузкіх спецыялістаў. Кожны з дактароў дадае запіс у базу непасрэдна ў час прыёму. Такім чынам фарміруецца электронная амбулаторная картка, якая абавязкова дубліруецца папяровым варыянтам. Па-другое, з “4-D кліентам” стала прасцей весці перыядычную статыстыку, рыхтаваць справаздачы, накіроўваць пацыентаў у абласныя, рэспубліканскія медыцынскія і санаторныя ўстановы.

Вольга Жыбко, фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай дапамогі Дзятлаўскай ЦРБ:

– Працую на “хуткай” з 2001 года. Машына “Форд”, набытая для аддзялення за сродкі раённага бюджэту, – трэцяя за час маёй працы ў Дзятлаўскай бальніцы і, безумоўна, самая зручная. Да гэтага часу ездзілі на “УАЗе” і “Газелі”. Цяпер працаваць стала нашмат камфортней. У аўтамабіля мяккі ход, таму зручна аказваць экстранную дапамогу ў дарозе. Спецмашына абсталявана ўсімі неабходнымі прыборамі: ад дэфібрылятара і апарата ЭКГ – да кіслароднага інгалятара, усё размешчана ў машыне зручна і даступна. У аўтамабілі можна стаяць у поўны рост, і гэта таксама ваялікі плюс да зручнасці ў працы.

Ірына Ішуціна, старшы фельчар аддзялення хуткай дапамогі:

– У аддзяленні хуткай дапамогі працуюць граматныя, вопытныя і, галоўнае, адданыя сваёй справе спецыялісты. На працоўным месцы многія з іх знаходзяцца шмат часу. Без перабольшвання можна сказаць, што людзі жывуць на рабоце. А дзякуючы таму, што ў 2015 годзе пасля капітальнага рамонту быў адкрыты новы будынак аддзялення хуткай дапамогі, працоўнае месца для маіх калег стала, сапраўды, другім домам. Не толькі па тым, колькі часу яны аддаюць працы, але і па ўмовах. У абноўленым корпусе ўсе памяшканні адрамантаваны, у распараджэнні персаналу ў любы час асобныя пакоі для адпачынку, прыёму ежы, санвузел з душавой кабінай. Зручны дыспетчарскі пункт. На маю думку, для працы ў рэжыме чакання ў аддзяленні створаны ўсе ўмовы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup