“Каб памяталі” – свята гарпасёлка Казлоўшчына (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

“Каб памяталі” – пад такой назвай-дэвізам у Казлоўшчыне адзначылі 76-ю гадавіну вызвалення пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Мерапрыемства сабрала землякоў, гасцей пасёлка, рамеснікаў, артыстаў, аматараў як індывідуальнага, так і сямейнага адпачынку.

Летні амфітэатр у цэнтры гарпасёлка паступова напаўняўся людзьмі, тым часам рамеснікі наводзілі заключныя штрыхі ў сваіх экспазіцыях-продажах, пачалі працаваць пляцоўка для дзіцячага адпачынку, гандлёвыя кропкі з прысмакамі для дзіцячай радасці, пачаўся міжраённы (Дзятлаўшчына VS Слонімшчына) турнір па хуткіх шахматах на прызы гарпасялковай адміністрацыі.

Пакуль раённыя артысты настройвалі гук, а дзеці пасёлка гаманілі, асвойваючы каруселі, надзіманыя горкі і міні-цягнік-качку, выдалася хвілінка пазнаёміцца з дзвюма абаяльнымі жанчынамі. Загадчыца раённага Цэнтра рамёстваў Вольга Жэгала прадставіла навінкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і намалявала жадаючым часовыя татуіроўкі.

Рукадзельніца Галіна Рашчэня, якая прывезла з Гродна на свята шапкі, хусткі і іншыя цёплыя рэчы, нагадала прыказку: рыхтуем сані летам.

І вось гучаць фанфары – уся ўвага гледачоў скіроўваецца на цэнтральную сцэну. Пачынаецца свята пасёлка – дзень памяці, смутку аб трагічных ваенных падзеях і радасці перамогі, якая прынесла мір на зямлі. Да мінулага гасцей свята звярнула тэатралізаваная пастаноўка аб пачатку вайны, змаганні савецкіх салдат на яе суровых франтах і аб вызваленні, Вялікай Перамозе.

Вядучыя павіншавалі землякоў са святам і выказалі словы ўдзячнасці ад землякоў ветэрану, які жыве на тэрыторыі сельскага савета, у вёсцы Лозкі, Фёдару Шалеснаму.

Павітаў жыхароў гарпасёлка і павіншаваў усіх са знамянальнай датай старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка. У гэты святочны дзень ён выканаў прыемную місію – уручыў Падзячныя лісты Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Анісіму, загадчыку падсобнай гаспадаркі Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дыспансера, Таісіі Савіч, вядучаму спецыялісту па кадрах ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”; Падзячны ліст Дзятлаўскага райвыканкама – Алене Альшэўскай, начальніку паштовага аддзялення сувязі “Казлоўшчына”.

З пасялковай сцэны павіншавалі сёлетніх юбіляраў – жыхароў Казлоўшчынскага сельсавета. 80-годдзе сёлета адзначылі Вера Сямёнаўна Барысевіч, Марыя Валянцінаўна Свішчук, Канстанцін Аляксандравіч Шапель.

Самая маленькая жыхарка гарпасёлка Казлоўшчына – Дар’я Макарчык, якая нарадзілася ў гэтым годзе. Віншаванні прымалі яе бацькі Анатоль і Таццяна Макарчыкі.

Яшчэ адзін юбілей, толькі ўжо сямейны, сёлета адзначылі Антон Антонавіч і Соф’я Адольфаўна Ляўкевічы. Зноў “маладажоны” прымалі віншаванні з залатым вяселлем.

Словы ўдзячнасці за пазітыўныя адносіны да жыцця і нераўнадушнасць да свайго роднага пасёлка былі адрасаваны Ларысе і Яўгену Горбачам. Не адзін год яны дзеляцца з землякамі момантамі гісторыі і сучаснасці гарпасёлка Казлоўшчына, фотаздымкамі яго жыхароў і падзеяў. Дарэчы, і ў гэты святочны дзень Яўген Іванавіч працаваў у якасці рэпарцёра-хранікёра.

Якое ж свята без песні? Добрай музыкі ў час свята было нямала. Для прысутных выступалі артысты Дзятлаўшчыны – Наталля Каўцэвіч, Іван Кашко, Вікторыя Кончык, Вольга Іода, Аксана Кашляк. Жыхароў гарпасёлка парадавалі сваімі канцэртнымі праграмамі гурт “Бархат”, дуэт “Не БоЯн style” і Дзяніс Дзямідаў.

Свой падарунак да свята жыхарам пасёлка падрыхтавалі таксама і работнікі мясцовай бібліятэкі. Яны парадавалі гасцей тэматычнымі выставамі: “Тут карані, адсюль вытокі” – знаёмства са славутымі землякамі, “Дзятлаўшчыну мілую вітаю” – прысвячэнне 80-годдзю Дзятлаўскага раёна.

Па завяршэнні шахматнага турніру былі ўзнагароджаны яго пераможцы. Першае месца заняў Уладзімір Зайцаў з Дзятлава, другім стаў Уладзімір Літвін са Слоніма, трэці прыз дастаўся Аляксандру Масляку з Дзятлава.

Свята гарпасёлка завяршылася яркай забавай “ColоrFest” і моладзевай танцавальнай праграмай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup