Пракуратура Дзятлаўскага раёна правяла праверку выканання зямельнага заканадаўства на адміністрацыйнай тэрыторыі Вензавецкага сельскага савета.
Вынікі нагляднай праверкі паказалі, што службовымі асобамі Вензавецкага сельскага выканаўчага камітэта патрабаванні заканадаўства выконваюцца неналежным чынам і не ў поўнай меры. Пры аглядзе дваровых тэрыторый жылых дамоў у вёсках Сачыўляны, Міроўшчына, аграгарадку Вензавец было ўстаноўлена, што там пабудавана вялікая колькасць гаражоў і драўляных хлявоў, якія належаць гаспадарам дамоў. Будынкі ўзведзены каля 30-40 гадоў таму самавольна: землекарыстальнікі не афармлялі праваўстанаўліваючых дакументаў на зямельныя ўчасткi, не плацілі зямельнага падатку або арэнднай платы за карыстанне зямельнымі ўчасткамі.
Так, насупраць двухкватэрных жылых дамоў па вуліцы Рачной у Сачыўлянах іх жыхары незаконна на зямельных участках узвялі драўляныя гаражы, альтанкі для адпачынку. Акрамя таго, жыхар дома № 8 па вуліцы Рачной у гаспадарчым праездзе без адпаведнага дазволу самавольна пабудаваў драўляны хлеў для інвентару і дроў. Гаспадарчы праезд загрувашчаны на вялікай плошчы непасечанымі калодкамі, якія ляжаць доўгі час.
Аналагічным чынам самавольнае землекарыстанне ажыццяўляецца жыхарамі аграгарадка Вензавец каля шматкватэрных жылых дамоў № 3 і № 4 па вуліцы Новай. Жыхары шматпавярховых дамоў у вёсцы Міроўшчына каля сваіх гаспадарчых пабудоваў на зямельных участках, якія выдзелены для агульнага карыстання, захоўваюць гной, у двары ўстаноўлена металічная будка.
Як паказала пракурорская праверка, у гэтых населеных пунктах службовыя асобы Вензавецкага сельвыканкама не праводзілі кантрольных мерапрыемстваў і мераў па вызваленні незаконна занятых зямельных участкаў не прымалі.
Вынесена пракурорскае прадстаўленне з патрабаваннямі прыняць меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.
Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup