Гавораць дзятлаўчане. Я хачу і я магу

Галоўнае Грамадства

Кацярына Іода,

доктар ультрагукавой дыягностыкі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы:

– Адным з галоўных сваіх дасягненняў я лічу заканчэнне Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па накірунку “медыка-дыягнастычная справа”. Гэта дазволіла мне не толькі працаваць па асноўнай спецыяльнасці доктарам-рэнтгенолагам, але і атрымаць дадатковую, аб якой даўно марыла, – доктара ўльтрагукавой дыягностыкі. Удалося гэта за кошт падтрымкі адміністрацыі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, якая зацікаўлена ў прафесійным росце маладых спецыялістаў. Мяне, напрыклад, за шэсць гадоў работы ў бальніцы неаднаразова накіроўвалі на курсы павышэння кваліфікацыі, медыцынскія канферэнцыі, у тым ліку рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

Сваім жыццёвым крэда я лічу выслоўе: “Праз церні да зорак”, стараюся дабівацца пастаўленых мэтаў стараннай працай. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб моладзь мела магчымасць сябе рэалізаваць. У прыватнасці, у Дзятлаўскай бальніцы з кожным годам удасканальваецца і папаўняецца матэрыяльна-тэхнічная база, што дапамагае спецыялістам і персаналу камфортна працаваць і аказваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу насельніцтву раёна.

Я рыхтуюся стаць мамай. Нягледзячы на тое, што жыву ў невялікім горадзе, магу адзначыць, што тут створаны спрыяльныя ўмовы для дзяцей і моладзі, рэалізацыі інтэлектуальных і творчых здольнасцяў юных дзятлаўчан. А яшчэ я ўпэўнена, што маё дзіця будзе гадавацца ў чыстай, утульнай і, самае галоўнае, бяспечнай краіне.

Уладзімір Ганчар,

трэнер Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, рэгіянальны лідар масавага футбола Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”:

– У ліку сваіх галоўных дасягненняў лічу перамогу майго праекта “Футбол у вёсцы” ў 2018 годзе ў рэспубліканскім конкурсе праектаў, аб’яўленым АБФФ. Гэта быў шырокамаштабны праект, з якім я пабыў у школах Дзятлаўшчыны, затым у райцэнтры ладзіўся яго фінал, дзе прысутнічалі прадстаўнікі Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. Яны адзначылі маштабнасць мерапрыемства, на якое сабраліся 210 юных аматараў футбола. Гэта дало штуршок рэалізацыі новых рэспубліканскіх праектаў у нашым раёне, такіх як “Школьная ліга дзяўчынак” і рэспубліканскага фестывалю “Тата, мама, я – футбольная сям’я”, пляцоўкай для якога было выбрана Дзятлава.

Сёлета 15 жніўня ў нашым горадзе зноў будзе ладзіцца рэспубліканскі фестываль “Тата, мама, я – футбольная сям’я”. У час яго плануецца адкрыць міні-футбольную пляцоўку. Упэўнены, што гэта дапаможа ў далейшым удасканаліць і памножыць спартыўныя навыкі юных жыхароў раёна, а, магчыма, і вырасціць будучых зорак беларускага футбола.

Мне падабаецца, што ў нашым раёне і ў нашай краіне спорту надаецца значная ўвага. Спорт – гэта здароўе людзей, значыць, і здароўе будучых пакаленняў беларусаў.

Я адрасую словы падзякі ўсім, хто падтрымлівае нашы ініцыятывы і памкненні, якія дазваляюць дасягаць высокіх вынікаў у спорце.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: