Доўгажыхары. Жыццё падаўжалі праца, кніга і песня

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Праект “Глыбінкай жыве Беларусь” спяшаецца завітаць у розныя куткі нашага раёна.

На гэты раз работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці пабылі ў вёсцы Малая Воля ў гасцях у мясцовай старасты Дар’і Сямёнаўны Павачка і яе мужа Уладзіміра Сцяпанавіча.

Сямейная пара жыве разам ужо 61 год, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў, гатовы дзяліцца не толькі сакрэтамі даўгалецця, але і сямейнага ладу.

І была вайна, і была Перамога

Малая Воля – вёска маляўнічая, проста райскі куток Дзятлаўшчыны, нездарма за некалькі кіламетраў ад яе (паміж Трахімавічамі і Скрундзямі) у свой час быў пабудаваны папулярны далёка за межамі нашага раёна калгасны дом адпачынку “Рэчанька”, а ў нашы дні вясковыя хаты аблюбавалі дачнікі, якія едуць на берагі Шчары і са сталіцы, і нават з краін-суседак. На многіх мясцовых падворках стаяць альтанкі, абсталяваны зоны адпачынку. Летам тут шматлюдна: гучаць дзіцячыя галасы, заходзяць папоўніць запасы вады і пагутарыць з насельніцтвам турысты-байдарачнікі.

Яшчэ больш населенай была Малая Воля ў даваенны час. У далёкім 1931 годзе ў простай сялянскай сям’і тут нарадзіўся Уладзімір Павачка. Вялікая Айчынная вайна застала яго хлопчыкам. Ваенныя падзеі “дакаціліся” да вёскі вельмі хутка, з адступленнем войскаў Чырвонай арміі і першымі ахвярамі. Уладзімір Павачка ўзгадвае, што савецкія салдаты спрабавалі перайсці Шчару па плытах (у гэтых мясцінах ішоў сплаў лесу), але некаторыя не ўтрымаліся на мокрых бярвеннях, патанулі. Адзін з мясцовых жыхароў, сын якога таксама быў у войску, хаваў загінулых, а мясцовая дзятва, у тым ліку Уладзімір, назіралі за гэтым. Не так даўно Уладзімір Сцяпанавіч паказваў супрацоўнікам райваенкамата тое месца на беразе Шчары, дзе павінны быць магілы чырвонаармейцаў: гэтым летам на Дзятлаўшчыну збіраюцца прыехаць байцы пошукавага атрада.

Глыбока ў памяць нашага земляка запалі тыя дні вайны, калі жыцці яго і блізкіх віселі на валаску.

– Звычайна нас, вяскоўцаў, ратавала пясчаная дарога. Яе цяжка было пераадольваць тэхніцы ворага, – узгадвае Уладзімір Сцяпанавіч, – таму партызанскія дазорцы паспявалі папярэдзіць насельніцтва аб набліжэнні немцаў, а заходзіць у лес акупанты баяліся – хавацца туды ўцякалі мы, часам, з начлегам. У 1942 годзе Малая Воля першы раз гарэла. У дазоры быў партызан. Пры набліжэнні фашыстаў ён даў аўтаматную чаргу. Ворагі падумалі, што нарваліся на засаду, пачалі абстрэл запальнымі кулямі – загарэліся саламяныя стрэхі хат, пажар распаўсюдзіўся.

Але больш страху мы нацярпеліся пры карнай аперацыі ў снежні 1942 года. Тады аб’явілі, што лес будуць бамбіць, хавацца там пабаяліся, родная хата ўжо была спалена, таму некалькі сем’яў паехалі да сваякоў у Дубароўшчыну. Калі пачалася карная аперацыя, мы ведалі, што фашысты забіваюць людзей, але ўцякаць у лес не рашаліся. Карнікі прыйшлі на падворак, падпалілі хату, гумно, сагналі нас на полі, паставілі на калені паміж двух кулямётаў, меліся расстрэльваць. Нечакана паступіла іншая каманда – пагналі далей, затым адпусцілі. У тыя дні ворагі знішчылі людзей у Вялікай Волі і Трахімавічах, амаль поўнасцю выгарала Малая Воля, але вяскоўцы ўратаваліся.

Пасля вайны вёска паступова адбудоўвалася, людзі працавалі. Уладзімір Павачка адслужыў у арміі тры гады і сем месяцаў у будаўнічым батальёне пры ваенным флоце аж на Камчатцы. Калі вяртаўся дахаты, купіў сабе новы акардэон, на якім іграў на вяселлях і вясковых урачыстасцях. Працаваў ён у калгасе, быў лесніком, шаўцом у вайсковай часці ў Слоніме. Там на танцах і сустрэў сваю другую палавінку, якую прывёз у родную вёску.

Настаўніца – паважаны чалавек

Дар’я Сямёнаўна Павачка прыехала ў Малую Волю з мужам, а родам яна з вёскі Паручын Баранавіцкага раёна. Яе дзяцінства таксама апаліла вайна. Сярод успамінаў, якія найбольш хвалююць душу, той час, калі родную вёску захапілі фашысты і ператварылі царкоўны двор у канцлагер для палонных.

– Вяскоўцаў павыганялі з хатаў. Наша сям’я жыла ў склепе, – дзеліцца ўспамінамі жанчына. Ежу гатавалі на вогнішчы: збіралі на полі каласкі, хадзілі да нямецкай кухні па бульбяныя лупінамы – з гэтага пяклі хлеб-праснак. Балюча было праходзіць каля ваеннапалонных: яны высоўвалі рукі праз агароджу, малілі даць паесці. Мой тата, які быў солтысам вёскі, папрасіў у немцаў дазволу карміць палонных, мы насілі ім ежу.

Нягледзячы на выпрабаванні часу, Дар’я Сямёнаўна атрымала дастойную адукацыю: скончыла спачатку педвучылішча, пазней – завочнае аддзяленне інстытута. Яна была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Працуючы ў школе, якая раней была ў Малой Волі, Дар’я Сямёнаўна вывучыла некалькі пакаленняў мясцовай дзятвы. Многія вучні, дзякуючы яе прыкладу, сталі педагогамі, ёсць сярод выхаванцаў Дар’і Павачка і вядомыя людзі. Напрыклад, яе былая вучаніца Вера Пузач цяпер навуковы супрацоўнік у галіне гісторыі, жыве і працуе ў Ёшкар-Але ў Расіі. Вучні і сёння не забываюць Дар’ю Сямёнаўну, нярэдка заязджаюць праведаць.

Як чалавека актыўнага, памяркоўнага і паважанага, Дар’ю Павачку выбралі старастай вёскі Малая Воля. Амаль чатыры дзесяцігоддзі жанчына дапамагала вяскоўцам у вырашэнні надзённых праблем. А гэта і рамонты печак, і атрыманне грашовых дапамогаў, і забеспячэнне дровамі. Вясковая настаўніца – чалавек паважаны і аўтарытэтны, вось і звярталіся да яе мясцовыя людзі па падтрымку і жыццёвыя парады.

З мудрасцю і цярпеннем, з павагай адзін да аднаго, якія адчуваюцца паміж мужам і жонкай і сёння, прайшлі праз жыццё Дар’я Сямёнаўна і Уладзімір Сцяпанавіч Павачкі. Такія адносіны яны і лічаць асновай сямейнага ладу. А вось сакрэты даўгалецця ў кожнага з іх свае.

Былая настаўніца ўпэўнена, што яе сілы мацавала сям’я, настаўніцкая дзейнасць, любоў да дзяцей, добрыя кнігі і шчырыя людзі, якія сустракаліся на жыццёвым шляху.

А Уладзімір Сцяпанавіч верыць, што бадзёрасць духу яму заўсёды дарылі сумленная праца, вясёлыя песні, клопаты блізкіх і прыгажосць роднай старонкі. Нездарма жыхары Малой Волі лічаць, што ў іх вёсцы паветра асаблівае – свежае, чыстае, настоенае на водары сасновага бору.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: