Многія дзятлаўчане прыкмецілі рух каля будынка былога інтэрната МПМК-147, што на вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ: і тэхніка працуе, і людзі ў будаўнічай вопратцы рупяцца.
Карэспандэнты газеты наведаліся на аб’ект і з дазволу цяперашняга часовага гаспадара тэрыторыі – брыгадзіра Леаніда Чарняўкі пабачылі, што там адбываецца.
Працуюць тут будаўнікі са Шчучынскай МПМК-167. Як сведчыць пашпарт будоўлі, да канца 2020 года былы інтэрнат павінен быць рэканструяваны пад 30-кватэрны жылы дом. Заказчыкам з’яўляецца Дзятлаўскі жылкамунгас.
Працаваць будаўнікі пачалі напрыканцы чэрвеня і за два тыдні паспелі зрабіць многае: практычна ачысцілі два паверхі з трох. А выканаць давядзецца яшчэ шмат: прадугледжана замена перагародак, рэканструкцыя даха, мантаж балконаў, усталяванне санвузлоў, укладка пліткі, насціланне падлогі… А ў выніку – на кожным паверсе размесцяцца па шэсць аднапакаёвых, па тры двухпакаёвыя і па адной трохпакаёвай кватэры.
Брыгадзір Леанід Чарняўка, які мае амаль 40 гадоў будаўнічага стажу, запэўніў, што з заданнем яго хлопцы справяцца. На будоўлю выязджаюць са Шчучына рана і ў восем гадзін ужо на месцы. Працуюць да шасці вечара. Мяркуецца, што змены будуць арганізаваны і па суботах, каб укласціся ў адведзеныя тэрміны.
– Цяпер на будоўлі заняты 20 чалавек, дастаткова і тэхнікі, – расказаў Леанід Станіслававіч. – З многімі давялося працаваць не адзін год. З Сяргеем Фядзюніным, Мікалаем Пачынчыкам. Старанныя працаўнікі. Частка нашай брыгады занята ў Скідзелі на падрыхтоўцы горада да “Дажынак”.
Брыгадзір прызнаўся, што калі першы раз прыехаў пабачыць месца працы ў Дзятлаве, ніякавата было. Будынак жа шмат гадоў прастаяў нежылым. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі працуюць.
Пацікавіліся ў брыгадзіра заробкамі. Колькі будуць атрымліваць тут, ён пакуль не ведае, зарплаты яшчэ не было. А вось на папярэднім аб’екце выходзіла па паўтары тысячы рублёў.
Жыллё дзятлаўчанам будзе вельмі дарэчы, асабліва маладым спецыялістам. 30-кватэрны дом пэўным чынам дапаможа вырашыць жыллёвую праблему нашага горада.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup